Экс-супрацоўнік Службы бяспекі Лукашэнкі памёр у 50 гадоў
Канстанцін Цюшэўскі
Напярэдадні Новага года ва ўзросце 50 гадоў памёр былы супрацоўнік Службы бяспекі Лукашэнкі (в/ч 01549), ветэран спецназа МУС Канстанцін Цюшэўскі, паведамляюць праваабаронцы MayDay.
Цюшэўскі меў літоўскія карані. Але яго сям'я з Коўна перабралася ў Душанбэ, дзе ён і нарадзіўся. Цюшэўскі скончыў Акадэмію МУС у Мінску, потым — цэнтр спецпадрыхтоўкі. Апошнім часам ён працаваў трэнерам па кулявой стральбе зборнай каманды Стралковага саюза Расіі.
Як адзначаюць праваабаронцы, за апошнія два гады адбыліся некалькі раптоўных смярцей экс-спецназаўцаў. Ва ўзросце 59 гадоў памёр Мікалай Кашыраў — адзін з заснавальнікаў і намеснік камандзіра па баявой падрыхтоўцы атрада САХР.
У 54 гады памёр адзін з першых "крапавых берэтаў", інструктар па рукапашным баі в/ч 3214 падпалкоўнік запасу Андрэй Жукоўскі. Раней ён служаў у Віленскай 42-й канвойнай дывізіі МУС СССР, а пасля яе расфармавання перабраўся ў Беларусь. У нашай краіне Жукоўскі да 2020 года выкладаў у Акадэміі МУС.
Ва ўзросце 49 гадоў памёр падпалкоўнік запасу спецпадраздзялення "Алмаз" Іван Бяляснікаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.