"Экстрэмісцкай" у Беларусі прызналі чарговую кнігу па гісторыі Беларусі
"Экстрэмісцкая" кніга Аляксандра Татаранкі
Чарговая кніга па гісторыі Беларусі трапіла ў "экстрэмісцкі" спіс, заўважылі праваабаронцы "Вясны".
6 снежня суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёна прызнаў "экстрэмісцкай" кнігу Аляксандра Татаранкі "Горкія гады: Трагедыя Заходняй Беларусі 1944-1954".
У гэтай кнізе, якая грунтуецца на архіўных дакументах, разглядаюцца такія пытанні, як рэпрэсіі ў Заходняй Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны; дзейнасць НКУС у Беларусі ў канцы і пасля вайны; канцлагеры НКУС у БССР у 1944 г.; турмы НКУС у Баранавічах, Слоніме, Нясвіжы, Навагрудку і інш.; пасляваеннае жыццё ў заходніх раёнах Беларусі — праблема інвалідаў, дзяцей-сірот; стварэнне дзіцячых дамоў агульнага і спецыяльнага тыпу, закрытых прытулкаў для дзяцей рэпрэсаваных палякаў.
Сам Аляксандр Татаранка, дарэчы, да 1992 года служыў ва Узброеных сілах, а потым да 2000 года працаваў старшым оперупаўнаважаным па найважнейшых справах Камітэта па арганізаванай злачыннасці і карупцыі пры МУС РБ, падпалкоўнік запасу. З-пад яго пяра выйшла таксама кніга "Недазволеная памяць: Заходняя Беларусь у дакументах і фактах, 1921-1954" (Санкт-Пецярбург, 2006) і больш як 90 публікацый.
Гэта не першы падобны выпадак. Раней у Беларусі ўжо прызнавалі "экстрэмісцкімі" іншыя выданні па гісторыі Беларусі, а нядаўна "экстрэмісцкім" прызналі двухтомнік класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.
Акрамя кнігі Татаранкі спіс "экстрэмісцкіх матэрыялаў" папоўнілі дзясяткі пазіцый, сярод якіх тг-каналы "Асацыяцыя беларусаў у Амэрыцы" і "Прадстаўніцтва па замежных справах", а таксама сайт pozirk.оnline.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.