Еўрасаюз не зробіць крок насустрач, пакуль не будуць вызваленыя палітвязні

Еўрарадыё: Як вы ацэньваеце сённяшні стан узаемаадносін Беларусі і Італіі? Ці для афіцыйнага Мінска Рым – гэта не тое ж самае, што і Брусэль?


Арнольда Абеці: Калі казаць агулам, то стасункі паміж Беларуссю і Італіяй добрыя. Ёсць, на жаль, перашкоды палітычнага характару, пра якія ўсе ведаюць. Якія з’яўляюцца часткай больш шырокіх стасункаў з Еўрасаюзам. І якія на афіцыйным узроўні замарудзілі дынаміку развіцця стасункаў паміж нашымі краінамі. Але ні ў якім разе яны не замарудзілі стасункі, якія існуюць паміж простымі людзьмі – італьянцамі і беларусамі. У 2012 годзе Італія выдала больш за 40 тысяч візаў беларусам. Сярод якіх 32 тысячы – турыстычныя. З іх – 18 тысяч візаў выдалі дзецям, якія ездзілі на аздараўленне ў Італію. Але астатнія – гэта сапраўдныя турысты!


Задаволены я і станам гандлёвых адносінаў паміж нашым краінамі. Не зважаючы на крызіс, таваразварот павялічыўся. У 2011 годзе колькасць італьянскіх прадпрыемстваў, якія прысутнічаюць на беларускім рынку, была меншай за 100, а ў 2012-м іх колькасць перавысіла 200. Гэта як прадпрыемствы з цалкам італьянскім капіталам, так і з капіталам сумесным. Гэта паказвае, што ў большасці выпадкаў, калі не заўсёды, народы ідуць наперадзе сваіх палітычных лідараў.


Еўрарадыё: Ці ўдаецца вам спраўляцца са сваімі абавязкамі ў краіне, дзе, як у выпадку з амбасадарам Швецыі, дыпламата могуць выдаліць з краіны прыбыцця, ці, як у выпадку з Польшчай, зрабіць краіну-суседку галоўным знешнім ворагам?


Арнольда Абеці: Што тычыцца мяне асабіста, то, мяркую, мае беларускія сябры задаволеныя тым, што я зрабіў і раблю. Не так проста казаць пра тое, што зроблена і рабілася іншымі амбасадарамі. Ёсць амбасадары, якія дапамагаюць больш адкрыта пэўным часткам грамадства. А ёсць іншыя – тыя, хто засяроджвае ўвагу на больш агульных аспектах. І тут трэба разумець: ёсць вялікая розніца паміж кар’ерным дыпламатам і – не кар’ерным.


Еўрарадыё: А вы які дыпламат?


Арнольда Абеці: Так, я – кар’ерны!


Еўрарадыё: З 18 па 21 сакавіка ў нашай краіне быў з візітам еўрадэпутат Юстас Палецкіс. Яго пазіцыя такая – нягледзячы на холад у адносінах паміж Брусэлем і Мінскам, трэба сустракацца, размаўляць, спрабаваць знайсці магчымасці паразумецца...

Арнольда Абеці: Я з гэтым згодны! Але ж вы ведаеце, што ў ЕС – 27 краін, і рашэнні прымаюцца са згоды ўсіх. Зразумела, што адна краіна можа рухацца да пэўнай кропкі ў двухбаковых стасунках, але агульная палітыка – на адказнасці Брусэля. Гэта не азначае, што я не бачу нейкіх негатыўных момантаў, але я арыентуюся на пошук рашэнняў, якія б задаволілі абодва бакі. Я на баку крытычнага дыялогу, які і палягае ў аснове пазіцыі Еўрасаюза.


Еўрарадыё: Супраць такога падыходу выступаюць асобныя беларускія палітыкі. Маўляў, няхай беларускія ўлады спачатку вызваляць палітвязняў, а потым з імі можна будзе пра нешта гаварыць…


Арнольда Абеці:  Вызваленне палітычных зняволеных павінна адбыцца. Гэта тая рэч, якую чакае не толькі Еўрасаюз, але і ўвесь свет. Тым не менш, выказаўшы меркаванне, што вызваленне палітвязняў павінна адбыцца, неабходна шукаць і іншыя каналы, магчыма, не настолькі відавочныя, каб выправіць сітуацыю, якая не прыносіць карысці нікому. Не трэба зачыняць ніякія дзверы, і не трэба адмаўляцца ад любой магчымасці, якая можа дапамагчы вырашыць такія праблемы, як наяўнасць палітвязняў.


Еўрарадыё: Вам не падаецца, што сёння паўтараецца сітуацыя 2008 года? Тады,  таксама як і цяпер, за два гады да прэзідэнцкіх выбараў было пацяпленне паміж Мінскам і Брусэлем, былі візіты, былі вызваленні палітвязняў…


Арнольда Абеці: Вось менавіта таму, што пра гэта памятаюць, Еўрасаюз і не робіць зараз нейкія крокі насустрач перш, чым не будуць вызваленыя ўсе палітвязні. Паўтор зараз таго, што адбывалася ва ўзгаданы вамі перыяд, бачыцца нам зусім не пазітыўным.


Еўрарадыё: Якая пазіцыя Італіі па пытанні, ці выкрэсліваць міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея са спісу неўязных у Еўрасаюз?


Арнольда Абеці:  Я вельмі паважаю міністра Макея. Я лічу яго вельмі разумным чалавекам. Калі вы хочаце ведаць маё асабістае меркаванне, то я за тое, каб зняць забарону на ўезд у краіны Еўрасаюза для міністра замежных спраў Беларусі.


Еўрарадыё: А як ваша асабістая пазіцыя па гэтым пытанні суадносіцца з пазіцыяй Італіі?


Арнольда Абеці: Я не прысутнічаю на пасяджэннях у Брусэлі! Але мне падаецца, што пазіцыя па гэтым пытанні Італіі, і не толькі Італіі, акурат такая, як я выказаў.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі