Фэны раўнуюць новую Лінду да старой. І яшчэ да мужа-піяніста…

121105_kotka_linda.mp3

Пакаленне, якое калісьці спявала “Варону” і “Марыхуану”, нарэшце дачакалася канцэрту сваёй куміркі ў Мінску. Спявачку Лінду прымае сталічны клуб Рэ:паблік — які ж яшчэ.

Але Лінда цяпер гастралюе не адна, а са сваім мужам-грэкам. Вядомым піяністам і кампазітарам Стэфанасам Карколісам. Гэта значна адбіваецца на праграме.

“На канцэртах цяпер мы граем старыя песні Лінды, але абсалютна ў іншых аранжыроўках, — тлумачыць Еўрарадыё Стэфанас Карколіс. — І таксама даем магчымасць дакрануцца да нашай новай праграмы “Bloody Faeries”. Гэта будзе электронная рок-опера”.

Новыя аранжыроўкі старых песень — гэта вельмі шмат фартэпіяна і цяжкія металічныя гітарныя запілы. Некаторым такая Лінда зусім не падабаецца:

“Мяне гэтае фартэпіяна вельмі напружвае, — кажа Еўрарадыё прыхільнік Лінды Ігар. — І наогул, Стэфанас мне не падабаецца. Мне падаецца, што ён перацягвае славу Лінды на сябе”.

“А мне фартэпіяна нармальна зайшло, а вось цяжкіх гітар было занадта, — дзеліцца ўражаннямі хлапец Юра. — Больш хацелася пачуць старую Лінду”.

Старую Лінду, дарэчы, пачуць ужо немагчыма. На дысках 90-х у яе тонкі “дзіцячы” голас. Тое, што чуе публіка цяпер — гэта нізкі хрыплы вакал, якому час ад часу дапамагае ледзь заўважная “мінусоўка” са старым голасам. І гэта таксама адзначаюць наведвальнікі: 

“Мне падалося, яна спявала пад фанаграму!” — кажа Еўрарадыё Сяргей.

Сярод публікі знаходзяцца і тыя, хто цалкам пазітыўна ўспрымае трансфармацыі спявачкі. Асабліва адзначаюць яе новы праект “Bloody Faeries”, 4 песні з якога гучаць на канцэрце. Адзін з тых, каму падабаецца — гэта Зміцер, адміністратар афіцыйнага фан-клубу Лінды Вконтакте, які прыехаў на канцэрт адмыслова з Грузіі:

“Добра, што яна развіваецца, а не ў адным ключы ідзе, які калісьці ўсім спадабаўся”, — кажа Зміцер

Цалкам пазітыўна і з вялікім натхненнем ставяцца да новага праекту самі музыкі:

“Bloody Faeries” для нас гэта эсперымент, — распавядае Еўрарадыё спявачка Лінда. — Гэта будзе тэатральная рок-дыджытал опера, гісторыя, якая будзе ўключаць шмат твораў у адным. Да гэтага будуць пэўныя дэкарацыі, касцюмы, якія будуць трасфамармавацца, гэта розныя цікавыя музыканты, якія будуць пастаянна мяняцца, і кожны з якіх будзе граць сваю ролю”.

Лінда і Стэфанас плануюць выдаць новую праграму да мая наступнага года і прэзентаваць яе ў Токіа. А пакуль яны працягваюць гастраляваць па “гарадах былой славы” Лінды, сеючы то слёзы, то натхненне ў душы сваіх прыхільнікаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі