ФІФА: Чэмпіянаты ў Расіі і Катары будуць згуляныя. Блатэр не сыходзіць

Сямёра высокапастаўленых чыноўнікаў Міжнароднай федэрацыі футбола былі арыштаваныя ў швейцарскім Цюрыху раніцай 27 траўня. На чале спісу — віцэ-прэзідэнт ФІФА Джэфры Уэб.

Усяго фігурантамі крымінальнай справы з'яўляюцца 14 чалавек. Іх абвінавачваюць па 47 пунктах: у вымагальніцтве, махлярстве, адмыванні грошай, атрыманні хабараў і адкатаў на суму, якая перавышае 150 мільёнаў долараў.

Па інфармацыі Міністэрства юстыцыі ЗША, у ФІФА на працягу двух апошніх дзесяцігоддзяў існавала шырокамаштабная карупцыя вакол заявак на чэмпіянаты свету, маркетынгавых і вяшчальных здзелак. З офіса ФІФА ўжо забралі дакументы, неабходныя для правядзення расследавання па тым, як выбіраліся краіны-гаспадыні чэмпіянатаў свету 2018 і 2022 гадоў, якімі сталі Расія і Катар.

Прэс-сакратар ФІФА Вальтэр дэ Грэгорыа заявіў, што абодва чэмпіянаты адбудуцца, нягледзячы на арышты:

“Што вы чакаеце ад нас? Што мы скажам, што будзем перагаласоўваць? Чэмпіянаты ў Расіі і Катары будуць згуляныя. На сённяшні дзень гэта факт. І я не збіраюся спекуляваць на тэму таго, што адбудзецца заўтра, паслязаўтра і гэтак далей”.

Затрыманні адбыліся напярэдадні выбараў новага прэзідэнта ФІФА. Чакалася, што сённяшні кіраўнік Зэп Блатэр будзе пераабраны на пяты тэрмін. Па словах прэс-сакратара арганізацыі, у адстаўку Блатэр падаваць не збіраецца і плануе ўдзельнічаць у выбарах:

“Зразумела, ён дагэтуль кіраўнік ФІФА, але ён не быў уцягнуты ва ўсё гэта. Ён прэзідэнт і будзе заставацца ім яшчэ два дні. Калі 209 чальцоў зноў абяруць яго прэзідэнтам, ён будзе заставацца прэзідэнтам наступныя чатыры гады”.

Што тычыцца гучных арыштаў і распачатай справы, то Вальтэр дэ Грэгорыа адзначыў, што гэта добра для ФІФА, якая зможа такім чынам ачысціцца.

“Гэта добра для ФІФА, можа гэта дрэнна для рэпутацыі, іміджу, але добра для ачысткі, добра для таго, што мы рабілі апошнія гады для працэсу рэфармавання”, ― адзначыў прэс-сакратар ФІФА.

На фота Reuters — Зэп Блатэр

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі