Фотафакт: на Беласточчыне ўсталявалі помнік Кастусю Каліноўскаму
Ён з'явіўся на малой радзіме беларускага нацыянальнага героя — у Мастаўлянах у Гарадоцкай гміне.
На Беласточчыне ўсталявалі помнік Кастусю Каліноўскаму. Ён з'явіўся на малой радзіме беларускага нацыянальнага героя — у Мастаўлянах у Гарадоцкай гміне, інфармуе Радыё Рацыя.
"Гэта падтрымка памяці, якая ёсць у народзе, — кажа дырэктар Гміннага цэнтру культуры ў Гарадку Юрка Астапчук. — Вядома, будуць ім захапляцца людзі, і тыя, якія не ведаюць, хто такі Кастусь Каліноўскі, напэўна, запытаюць, напэўна, прачытаюць пра яго жыццё і даведаюцца. І праз гэта Кастусь Каліноўскі будзе жыць".
Аўтарам праекта помніка з'яўляецца Януш Талуць з Беластока.
Нагадаем, Кастусь Каліноўскі (1838 — 1864) — кіраўнік нацыянальна-вызваленчага паўстання ў 1863 годзе ў Беларусі і Літве, выдавец першай беларускамоўнай газеты "Мужыцкая праўда". У 1864-м ён быў арыштаваны расійскімі ўладамі ў Вільні і пакараны смерцю.
Фота: racyja.com