Ганна Шарэйка на судзе не прызнае сваю віну

Ганна Шарэйка на судзе не прызнае сваю віну

Слуханне крымінальнай справы члена Савета Рэспублікі Ганны Шарэйка працягваецца ў Вярхоўным судзе. Ёй і яшчэ шасці падсудным выставілі абвінавачанне ў злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, учыненым арганізаванай групай. Паводле інфармацыі БелаПАН, Шарэйка не прызнала сваю віну.

Па версіі следства, Шарэйка на пасадзе гендырэктара Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі ўступіла ў карупцыйную змову са сваім сужыцелем Вальдэмарасам Норкусам, які быў дырэктарам літоўскай фірмы "Даймас".

Па словах пракурора, Норкус меў сувязі з Рыжскім камбікормавым заводам. Праз кампанію "Руском-Р", якая з'яўлялася даччыным прадпрыемствам "Даймаса", Норкус арганізоўваў пастаўкі замежных кармоў і кармавых дабавак.

Пастаўкі кармоў у Віцебск адбываліся праз тэндар. Па версіі следства, падначаленыя Шарэйка арганізоваўлі перамогу фірмы Норкуса, каб "захаваць свае пасады, выслужыцца перад дырэктарам, атрымаць прэферэнцыі і пазбегнуць адказнасці за недахопы ў працы".

Абвінавачанне мяркуе, што фірма Норкуса выстаўляла на конкурс заведама заніжаную цану. Потым аплата ўзрастала за кошт транспартных выдаткаў і мытных збораў. У выніку канчатковы кошт замежнага камбікорму быў значна вышэйшы, чым айчыннага. Шкоду, нанесеную прадпрыемству, ацэньваюць у 4 мільярды рублёў.

Акрамя Шарэйкі сваю віну не прызналі таксама яе былыя намеснікі Надзея Семчанкова, Яўген Канавальчанка і Мікалай Камароў, а таксама партнёры Вальдэмарас Норкус і Міхаіл Разжывін. Віну прызнаў толькі вядучы спецыяліст віцебскай фабрыкі Уладзімір Ліяранцэвіч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі