Газета “Новы час” — сярод першых, хто атрымаў папярэджанне Мінінфарма
Вынеслі яго яшчэ 25 лютага, але стала пра гэта вядома толькі зараз.
Міністэрства інфармацыі Беларусі папярэдзіла недзяржаўны тыднёвік "Новы час". Па словах галоўнага рэдактара выдання Аляксея Караля, папярэджанне ім у рэдакцыю з Мінінфарма накіравалі заказным лістом. І першы раз яго прыносілі 3 сакавіка, але ў рэдакцыі нікога не было і таму ніхто пра яго не ведаў. І толькі 9 сакавіка Аляксей Кароль сам схадзіў на пошту і атрымаў той заказны ліст з папярэджаннем.
Кароль: “Мы не ведалі, што самі ўжо атрымалі папярэджанне, калі прачыталі, што яго далі іншым выданням. Паглядзелі, ці ёсць у нас тая “памылка”, за якую іншых папярэдзілі — у нас таксама "РБ" стаіць [у выходных дадзеных]. Ну, думаем, пранесла — не пранесла, але выправіць-выправілі”.
Як высветлілася, позна. Па словах Аляксея Караля, у атрыманым папярэджанні ад Мінінфарма яны не бачаць трагедыі — у ранейшыя гады іх у “Новага часу” было "па чатыры на год".
Нагадаем, на пачатку сакавіка папярэджанні атрымалі газеты “Intex-Press” з Баранавічаў і “Ганцавіцкі час”. Таксама пісьмовае папярэджанне атрымала таксама рэдакцыя “Газеты Слонімскай”. Былі таксама вынесеныя папярэджанні грамадска-палітычнаму штотыднёвіку “Борисовские новости” і газеце “Рекламный Боржоми”. Падставай для папярэджання стала скарачэнне “РБ” замест “Рэспубліка Беларусь” у выходных звестках выданняў.
Часопіс “Вожык” і газета “Наш край” атрымалі папярэджанні Мінінфармацыі