“Газпром”: мы ўпершыню вядзем перамовы па коштах за газ ў сярэдзіне года

Расія прапанавала Беларусі набыць адтэрміноўку выплаты пазыкі за 27 мільёнаў долараў, а Беларусь працягвае цягнуць час. Падчас перамоў на ўзроўні прэм’ер-міністраў Расія адмовіла Беларусі ў крэдыце. Грошы неабходныя, каб вярнуць “Газпрому” пазыку за газ. Па словах Міхаіла Фрадкова, 1,5 мільярда долараў, па якія лётаў у Маскву Сяргей Сідорскі, - гэта не тая сума, пытанне наконт якой можна было б вырашыць “увадначас”.

Перамовы Сідорскага і Фрадкова не скончыліся крэдытам. Але Мінск – каторы ўжо раз – выйграў у Масквы час. Пакуль што выплата пазыкі за газ адтэрміноўваецца без пені. Але на колькі хопіць цярпення ў “Газпрома”, які ўжо тыдзень чакае грошай?

Крыніца ў “Газпроме” паведаміла, што гэтым летам канцэрн увогуле ўпершыню сутыкнуўся з неабходнасцю весці перамовы па аплаце за газ у сярэдзіне года:

“У нас у сярэдзіне года ніколі не ўзнікала пытанняў, у нас у асноўным пад канец. У гэты Новы год былі праблемы з Беларуссю, узнікала пагроза адключэння. У пазамінулым годзе аналагічная сітуацыя была ва Украіне, але мы ўвесь час падкрэслівалі, што ў нас там увесь час актыўна ідуць перамовы”.

Нягледзячы на тое, што адключэнне газа разглядаецца “Газпромам” як самы эфектыўны сродак прымусіць плаціць па рахунках, адмыслоўцы лічаць такія захады ў дачыненні Беларусі малаверагоднымі. Прынамсі, у бліжэйшы час гэтага не адбудзецца: “Газпром” пакуль што ні на крок не адыходзіць ад зместа дамоў, падпісаных з Беларуссю пад Новы год.

Пры пачатку чэрвеня “Газпром” пералічыў у бюджэт Беларусі 625 мільёнаў долараў за 12,5% акцый "Белтрансгаза". У Маскве разлічвалі, што менавіта з гэтых грошай Беларусь заплаціць за газ. Але пралічыліся: грошы былі накіраваныя на павелічэнне золатавалютнага фонду нашай краіны, якая ў той час вельмі разлічвала на жорава ў небе – 1,5-мільярдны крэдыт ад расійскага ўрада.

Разлічвала настолькі, што днямі адмовілася ад сініцы ў руках: дарагога – пад 12% гадавых – камерцыйнага крэдыта на паўгады, які для разлікаў за газ прапанаваў беларускаму ўраду “Газпромбанк”.

Пагадзіся Беларусь на гэтую прапанову – бакі пазбавіліся б канфліктаў да восені, калі ізноў будзе ўзнятае пытанне пра 1,5-мільярдны ўрадавы крэдыт. Гэта каштавала б 27 мільёнаў долараў: менавіта ў гэтую суму выліліся б 12% гадавых, якія нашай краіне давялося б заплаціць зверху 450-мільённай пазыкі, каб набыць у Расіі яшчэ паўгады адтэрміноўкі.

27 мільёнаў долараў – не такія ўжо вялікія грошы для нашай краіны. Для параўнання: каля 5 мільёнаў долараў краіна кожны год выдаткоўвае на арганізацыю фэста хлебаробаў “Дажынкі”. Але, на думку расійскага палітолага Андрэя Суздальцава, беларускі ўрад па-ранейшаму не збіраецца плаціць за адтэрміноўку.

Больш за тое, Беларусь будзе ігнараваць патрабаванні гарантаваць пазыку за газ акцыямі найбуйнейшых прадпрыемстваў, якія нібыта высунуў “Газпром”. Справа тут не ў тактыцы перамоў і ўвогуле не ў палітыцы:

“Трэба разумець светапогляд вышэйшага складу беларускай наменклатуры. Яны не разумеюць, што з Расіяй трэба разлічвацца па рыначных коштах. Разлічвацца з Расіяй – значыць, разбурыць усю стратэгію, якая будавалася 12 гадоў. У іх разуменні Расія – гэта адвечны донар”.

Але апошнім часам “адвечны донар” бачыць у Беларусі звычайнага спажыўца энерганосьбітаў і ўсё часцей выказвае намер перайсці з ім на рынкавыя адносіны.

Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі