Генсакратар МКП лічыць, што ў Беларусі адрадзілі рабства
Генеральны сакратар Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў (МКП) Шаран Бараў шакаваная дыскрымінацыяй свабодных прафсаюзаў Беларусі.
Пра гэта яна заявіла 15 верасня на сустрэчы з кіраўніцтвам і актывістамі беларускіх незалежных прафсаюзаў, перадае БелаПАН. Сустрэча адбылася ў рамках афіцыйнага візіту кіраўніка МКП ў Мінск 15-16 верасня.
Падчас гутаркі яе ўдзельнікі распавялі Барраў пра сітуацыю з правамі рабочых у Беларусі, а таксама пра факты дыскрымінацыі чальцоў свабодных прафсаюзаў на дзяржпрадпрыемствах і арганізацыях.
У гутарцы з журналістамі пасля гэтай сустрэчы генсакратар МКП адзначыла, што была шакаваная фактамі пагаршэння дыскрымінацыі ў дачыненні да свабодных прафсаюзаў. Асобна яна адзначыла дэкрэт №9 кіраўніка Беларусі. Нагадаем, што ён забараняе звальняцца работнікам лесаапрацоўчай прамысловасці, калі там ідзе мадэрнізацыя. "Я была здзіўленая наступствамі дэкрэта № 9, які тычыцца фактычна прымусовай працы. Я працую ў многіх праблемных рэгіёнах, у тым ліку краінах Персідскага заліва, дзе існуюць сур'ёзныя праблемы ў плане дыялогу з уладамі, але рабства ў XXI стагоддзі — такое нават там мала дзе сустрэнеш", — адзначыла Бараў.
Кіраўніца міжнароднага прафсаюзнага руху 16 верасня будзе сустракацца з намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Валянцінам Рыбаковым і намеснікам міністра працы і сацыяльнай абароны Ігарам Старавойтавым. Яна абяцала ўзняць усе гэтыя праблемы на сустрэчы.
Фота — columnru.global-labour-university.org