Глеб Самойлаў запісаў песню ў падтрымку Украіны (відэа)
Кліп на трэк “Живой” музыкі змантавалі з аматарскага і прафесійнага відэа, якое здымалі на кіеўскім Майдане.
Лідар гурта The Matrixx і заснавальнік “Агаты Кристи” Глеб Самойлаў запісаў песню ў падтрымку Украіны. Трэк называецца “Живой”, напісаны ён быў яшчэ ў лютым, пасля таго як на Майдане адкрылі агонь па бяззбройных людзях.
“Спецыяльна я не планаваў выказвацца на гэтую тэму, нешта шчоўкнула ўнутры, — прызнаецца часопісу “Сноб” Глеб Самойлаў. — Я ні ў якім разе не ідэалізую ні адзін з бакоў канфлікту. Казлы былі, ёсць і будуць у любым урадзе. Іншая справа, што на Майдан выходзіла па паўмільёна чалавек, гэта была народная рэвалюцыя. На паўднёвым усходзе ва ўзброенага апалчэння я такой падтрымкі не бачу. Апроч таго, відавочны ўдзел у гэтым спецслужбаў і паліттэхнолагаў. Калі б Расія не распальвала грамадзянскую вайну ва Украіне, у прыватнасці, праз свае СМІ, думаю, усё скончылася б Майданам і звяржэннем Януковіча. Цяпер вялікія дзядзькі гуляюць у вялікія гульні, а скончыцца ўсё можа трэцяй сусветнай вайной”.
Кліп на трэк “Живой” музыкі вырашылі змантаваць са шматлікага аматарскага і прафесійнага відэа, якое здымалі на кіеўскім Майдане. Сама песня ўвойдзе ў акустычны альбом гурта пад назвай "Light", рэліз якога запланаваны на 1 кастрычніка.
Нагадаем, нядаўна Глеб Самойлаў і The Matrixx вярнуліся з міні-тура па Украіне, у межах якога выступілі ў Кіеве, Днепрапятроўску і Адэсе.
“Нам задавалі шмат пытанняў пра наша стаўленне да таго, што адбываецца. Мы сумленна адказвалі, але ні сярод арганізатараў, ні сярод публікі, ні сярод зусім выпадковых людзей, з якімі атрымалася пагутарыць, я не сустрэў ніводнага чалавека, які падтрымлівае Пуціна. Нават у Адэсе”, — рэзюмуе музыка.
Дарэчы, падчас размовы з часопісам “Сноб” Глеб Самойлаў прызнаўся, што пачаў часам размаўляць са сваім братам. Гэты факт ускосна пацвярджае чуткі пра аднаўленне гурта “Агата Кристи”.