Гурт Glofira прэзентуе кліп паводле апавядання Чака Паланіка (відэа)

Гомельскія альт-рокеры Glofira знялі першы афіцыйны кліп на песню “Седатив” з апошняга альбома гурта “Всё О.К.”. Рэжысёрам і аўтарам ідэі выступіў Іван Лучшы, вядомы па ранейшым супрацоўніцтве з гуртом Happy Face. Яго прапанову, зрабіць відэашэраг паводле апавядання Чака Паланіка “Цёплы дождж”, музыкі адразу падтрымалі. Праўда, празмерная адкрытасць выніковага варыянту іх спужала.

“Само апавяданне дастаткова стромнае, — тлумачыць лідар Glofira Сяргей Сочнеў. — Там жанчына і мужчына не наладжваюць стасункі і ў выніку займаюцца ананізмам. Іван гэта рэалізаваў вельмі адкрыта. Нам не спадабалася, як успрымаецца сюжэтная лінія. Яна падалася вельмі наіўнай і пахабнай. Іван з гэтым пагадзіўся і мы вырашылі знайсці дадатковую сюжэтную лінію. Плюс, я спадзяваўся паказаць кліп на тэлебачанні, але з такімі сцэнамі шансаў не было”.

Дапрацоўвалі відэа паўгода. Іван Лучшы даўно хацеў зняць працу мастачкі Анастасіі Варанцовай, якая афармляла альбома Glofira “Всё о.к.”. Дарэчы, менавіта кадры працы над вокладкай дыска і трапілі ў канчатковы варыянт кліпа. Ролі галоўных герояў выканалі сябры музыкаў Паліна Ганецкая і Філіп Квач.

Цяпер музыкі плануюць канцэртную прэзентацыю першага відэа і працуюць над новым матэрыялам. Напрыканцы вясны Glofira збіраецца выдаць сінгл, на які трапяць дзве новыя беларускамоўныя песні (“Калі”, “Дыхаць”) на вершы паэткі Вікторыі Трэнас.

Скачаць кліп можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі