Glofira ладзіць канцэртную прэзентацыю “Всё ОК” праз 9 месяцаў пасля рэлізу
За гэты час гомельскія альт-рокеры падрыхтавалі палову наступнага альбома і пашырылі склад.
13 снежня гомельскі гурт Glofira нарэшце ладзіць канцэртную прэзентацыю альбома “Всё OK”, інтэрнэт-рэліз якога адбыўся яшчэ ў сакавіку.
“У нас увесь час узнікалі складанасці з рэпетыцыйнай кропкай, з пляцоўкай, з працай былі, з сем’ямі, — тлумачыць такую адтэрміноўку ў прэзентацыі вакаліст гурта Сяргей Сочнеў. — Таму канцэрт увесь час адкладаўся то па нашай віне, то па віне арганізатараў. Да таго ж, у нас з’явіўся чацвёрты музыка. Раней жа толькі я на гітары ў гурце граў. Пэўны час быў аддадзены на тое, каб раскласці партыі, каб яны празрыста гучалі”.
За гэты час Glofira падрыхтавала палову наступнага альбома, але з яго выданнем не спяшаецца. Маўляў, лепш назапасіць больш песень, каб потым было можна выбраць.
Пакуль канцэрт-прэзентацыя “Всё ОК” запланаваная толькі ў родным Гомелі, у Маладзёжным тэатры. Падтрымае музыкаў мінскі гурт Re1ikt ды гомельскі “Имя Кода”.
Што ж тычыцца сталічнай прэзентацыі, то і тут Glofira сутыкнуліся з праблемамі. Клуб, дзе яна была запланаваная, не паспее адкрыцца да прызначанай даты. Таму музыкі вырашылі адкласці выступ у Мінску на наступны год.
Даведацца падрабязней пра альбом Glofira “Всё ОК” ды паслухаць яго можна тут.