Re1ikt: Новы альбом вельмі моцна здзівіць тых, хто ведае нашу музыку
Музыканты гурта — пра свой новы альбом, запісаны ў Польшчы, пра тое, на які “наркотык” яны падселі і пра новыя песні па матывах беларускай літаратуры.
Два гады таму вядомы беларускі этна-прагрэсіў-гурт Re1ikt выйграў конкурс на фестывалі Rokcowisko Hajnowka у польскай Гайнаўцы. У якасці ўзнагароды музыкі атрымалі запіс альбома ў польскай студыі "Х", што ў горадзе Ольштын.
Мы прыехалі ў Ольштын як дзеці
Еўрарадыё: Нядаўна вы вярнуліся з Ольштына, дзе запісалі новы альбом. Ці задаволеныя сваёй працай?
Аляксандр Дземідзенка: У тыя дзевяць дзён, якія мы правялі ў Ольштыне, планавалася запісаць 14 трэкаў (4 з іх нашы прыхільнікі чулі, а 10 — цалкам новыя). І мы вельмі хваляваліся, каб паспець гэта ўсё здзейсніць. Мы пачыналі запіс аб адзінаццатай раніцы і маглі да трэцяй ночы пісаць і рабіць перапынкі толькі на каву. Гэта была цудоўная практыка і цудоўны досвед. Я лічу, што нам на 100 адсоткаў пашанцавала акунуцца ў гэты працэс стварэння музыкі і аўдыёматэрыялу на сапраўды высокім узроўні. Я магу сказаць, што з пункту гледжання менавіта гуку гэта будзе новы ўзровень. І мы ўсе ўражаныя нават ужо на гэтым этапе.
Саўндпрадзюсерам кружэлкі выступіў я. Але гаспадар студыі, Марцін Кілбашэўскі, дапамагаў нам і браў удзел у прадзюсаванні дзвюх песень. Спачатку ў яго не было часу. Але калі ён пачуў той матэрыял, які мы запісваем, ён не мог сабе адмовіць не далучыцца да працэсу. Мы два вечары прадуктыўна працавалі над запісам вакалу.
Тым больш, што гэта такі міжнародны спецыяліст і дасведчаны прадзюсар. Яго студыя "Х" адчынілася ў 1997 годзе. Марцін працаваў і з метал-выканаўцамі, і з рок-, поп-, джаз-, класічнымі артыстамі. У размовах, якія мы вялі падчас вячэраў ці паўз на каву, мы знайшлі крупіны вельмі цікавых думак і цяпер разумеем, як можна зрабіць яшчэ лепш.
Еўрарадыё: Усе 14 запісаных вамі трэкаў увойдуць у альбом?
Аляксандр Дземідзенка: Пакуль не вядома. Але дакладна скажу, што гэты альбом вельмі здзівіць тых людзей, якія ведаюць нашу музыку. І здзівіць, напэўна, у такім прыемным кірунку. Падаецца, што ўсе чакаюць менавіта звыклага для ўсіх "Рэлікта". А будзе крыху іншы. Будзе, я б сказаў, больш пазітыўная музыка, але не ў музычным сэнсе. Гэта будзе тая ж музыка гурта Re1ikt, але па сваім настроі яна атрымалася больш лёгкай і лекавай: чалавек будзе слухаць, у яго будзе ўздымацца настрой, з'яўляцца добрыя думкі, і ён будзе хацець рабіць добрыя ўчынкі.
Дакладна, гэты альбом будзе для больш шырокай аўдыторыі. Я даволі часта чую, што наша музыка не для ўсіх, але не ведаю, чаму так кажуць, бо наш спектр слухачоў даволі розны, і мне падаецца, што наша музыка для ўсіх. Але цяпер будзе яшчэ больш для ўсіх.
Беларусканароднапесенныя наркаманы
Еўрарадыё: Апроч вашых уласных кампазіцый, на альбоме будуць і народныя песні. Якія сімвалы ў традыцыйных песнях вас зачапілі, што вы іх узялі ў рэпертуар?
Аляксандр Дземідзенка: Як я адбіраю некаторыя песні: я іх уключаю, і калі мне мой арганізм, падсвядомасць робяць такое "піііп" — гэта наша песня, і я яе адкладаю. Некаторыя песні чуеш і адразу разумееш, што яна наша. І няма ніякіх пакутаў.
Еўрарадыё: То бок гэта такі інтуітыўны пошук. Аднак, ну не можа ж гурт Re1ikt спяваць пра чарачку! Для вашых песень патрэбныя пэўныя вобразы...
Уладзімір Казлоў: У нас ёсць восеньская песня "Лося" са словамі "Ці ты Манечка, ці ты молада, ліхую свякроў чуеш" — у нейкім сэнсе гэта таксама пра чарачку (смяецца). Тут ролю грае інтэрпрэтацыя. Бо тую ж чарачку можна зрабіць пад "тыц-тыц-тыц", а можна зрабіць, як робім мы, і гэта будзе зусім іншая музыка. То бок нейкіх пэўных крытэрыяў, якой мусіць быць народная песня, каб мы ўзялі яе сабе ў рэпертуар, няма.
Аляксандр Дземідзенка: Дарэчы, таксама на альбоме будзе яшчэ адно наватарства: мы паспрабавалі стварыць песні па матывах твораў беларускай класікі. Адзін трэк будзе базавацца на "Шляхціцы Завальні" Яна Баршчэўскага, маёй самай першай беларускамоўнай кнізе, якую я прачытаў у першым класе. І будзе яшчэ адзін твор, але пакуль не скажам, які... Як сказаў Марцін: "Каб я ведаў, што вы такі шансон граеце і што ў вас такія "еўрабачанскія" песні"" (смяецца)! Ён думаў, што мы такія металісты з карданам.
Еўрарадыё: Што вам больш падабаецца: ствараць уласныя песні ці апрацоўваць народныя?
Уладзімір Казлоў: Гэта два абсалютна розныя працэсы. Калі мы чуем народную песню, мы адразу ўяўляем фарбы, якія ўпрыгожаць гэтую песню. А калі ты пішаш нешта сваё, адбываецца выпрабаванне і пошук.
Аляксандр Дземідзенка: Напэўна, таму нам і цікава знаходзіцца ў адной прасторы, бо музычны пошук — гэта такі наш шлях сяброўства. З іншага боку, за гэты час у нас магла знікнуць матывацыя рабіць нешта далей, але мы ўсё нешта шукаем, і, адпаведна, цікавасць да стварэння песень не губляецца. Для мяне, напрыклад, рабіць свае і народныя песні — гэта адно і тое ж. Адзінае, лірыка адрозніваецца. У народнай песні мы таксама працуем над інтэрпрэтацыяй, можам змяніць мелодыю. І я ведаю, што ёсць людзі, якія лічаць, што выкарыстанне народных песень гуртамі — гэта эксплуатацыя народнай культуры для заграбання грошай лапатай.
Калі мы працуем з народнай песняй, то наш гіпаталамус вырабляе эндарфіны. Мы рэальна падселі на гэта і сталі такімі "беларусканароднапесеннымі наркаманамі". І тым людзям, якія ніколі не сутыкаліся з народнай культурай, мы можам сказаць: "Гэй, ёсць народныя песні, мы граем іх такім чынам. А калі хочаце, вы можаце паглыбіцца і паслухаць, як яны выконваліся раней”.
"Лекавыя правы" — альбом пра працэс акрыяння ад хваробаў
Еўрарадыё: Які пасыл будзе несці ваша новая пласцінка? Як яна будзе называцца? Куды мусіць загнаць слухача?
Аляксандр Дземідзенка: Працоўная назва — "Лекавыя травы". Але паглядзім, можа, прыйдзе нешта яшчэ, таму што "Рэкі" таксама па-іншаму спачатку называліся. Пасыл... Аднойчы я ішоў па вуліцы і адчуў водар напояў, якімі ў дзяцінстве паіла мяне бабуля, калі я хварэў. Яна сама збірала зёлкі, пасля сушыла іх, малола, рабіла адвары і частавала мяне. І вось я ішоў, і гэты водар раптам паўстаў у насаглотцы. І вось акурат тады і з'явіліся думкі, што можна пра гэта напісаць альбом. То бок, гэта тэма будзе ўсплываць у тым ці іншым выглядзе: маўляў ёсць зёлкі, і ёсць хваробы, якія можна вылечыць без дапамогі таблетак. Але альбом не пра хваробы, а пра працэс акрыяння ад хваробаў.
Ва Украіну, Амерыку і Косцю Пыжову альбом на звядзенне не дашлем
Еўрарадыё: Ці ёсць нейкія інструкцыі, як трэба будзе слухаць ваш альбом? Напрыклад, толькі ціха ці на нейкіх пэўных прыладах?
Уладзімір Казлоў: Не. Усё залежыць ад чалавека і яго ўспрыняцця свету.
Еўрарадыё: Цяпер модна дасылаць альбом на звядзенне ва Украіну, Амерыку ці Косцю Пыжову з гурта The Toobes. Вы ўжо вызначыліся, хто зоймецца звядзеннем?
Аляксандр Дземідзенка: У нас ёсць некалькі варыянтаў, паглядзім, які з іх дазволяць рэсурсы.
Уладзімір Казлоў: Але дакладна, што гэта будзе не Украіна, Амерыка ці Косця Пыжоў.
Аляксандр Дземідзенка: Я не разумею, чаму музыкі выстаўляюць гэта напаказ, нібыта гэта нешта незвычайнае... Мы зводзіліся ў гэтага, а майстарынг у таго. Якая розніца! Я разумею, што міксерынг — гэта вельмі творчы працэс, я сам гэтым крыху займаюся. Але я думаю, што музыка — больш важная рэч на кружэлцы, чым тое, колькі каштаваў прадакшн ці хто зводзіў альбом!
Уладзімір Казлоў: Тым больш цяпер у Беларусі ёсць уся патрэбная для добрага звядзення апаратура. Хаця галоўнае ў гэтым працэсе усё ж галава чалавека. А такія галовы ёсць і ў нас.
Еўрарадыё: Калі вы збіраецеся выпусціць альбом?
Аляксандр Дземідзенка: Восенню, як і абяцалі... тры гады таму (смяюцца). Гэта адбудзецца дакладна восенню. Магчыма, да таго мы дадзім паслухаць 1-2 песні, бо, натуральна, што людзі зачакаліся і хочуць паслухаць нешта новае. Таксама мы плануем выпусціць мінімум два кліпы ў падтрымку альбома. З намі будзе працаваць наш стары сябра Эл Мядзведскі, які цяпер паспяхова працуе на міжнародным рынку ў плыні моўнш-дызайна.
Тэндэнцыі цікавяць больш, чым творцы
Еўрарадыё: Ці ёсць у Беларусі рок-героі і ці маюць яны ўплыў на сучаснае грамадства ў параўнанні з тымі ж рок-н-рольнымі 90-мі? Вы неяк уплываеце на слухача, як вам падаецца?
Уладзімір Казлоў: Уплыў на слухача мае кожны, нават рэктар, які выступае перад студэнтамі. Ён нясе інфармацыю, якая далей будзе фармаваць іх шлях, бо нешта з гэтай інфармацыі застаецца ў падсвядомасці. Таму кожны раз, выходзячы на сцэну, мы памятаем, што мы нясем адказнасць.
Еўрарадыё: Хто з сучасных музыкаў цяпер вам цікавы?
Аляксандр Дземідзенка: Мне ўсе цікавыя. Я сачу за кожным выканаўцам і за тым, што адбываецца ў свеце. Але дакладна скажу, што тэндэнцыі нас цікавяць цяпер больш, чым творцы.
Канцэрты Re1ikt у бліжэйшы час:
27 сакавіка — бар "ДК", Мінск.
16 красавіка — сольны выступ у клубе TNT, Мінск.