"Камяніца" абвясціла лайн-ап

Фолк-фестываль "Камяніца" абвясціў сёлетні спіс удзельнікаў. У мерапрыемстве, якое пройдзе 6 верасня пад Мінскам, возьмуць удзел артысты з Беларусі, Украіны, Польшчы, Чэхіі і Расіі. 

Як і раней, вялікую частку праграмы складаюць лепшыя беларускія фолк-гурты розных пакаленняў. З грандаў — легендарная "Троіца" і энэргічныя Kriwi на чале з Веранікай Кругловай. З больш маладых – электронная Shuma са светлавым шоў і Re1ikt з адмысловай акустычнай фолк-праграмай. Акрамя гэтага на малой сцэне выступяць фолк-гурты "Рада", "Горынь", "Ягорава гара", на вялікай – фолк-тэатр "Яварына".

Што тычыцца замежных гасцей, арганізатары сцвярджаюць, што сёлетні фестываль стане самым зорным у гэтым плане. Акрамя ўжо абвешчанага DJ-сэта ад Алега Скрыпкі гледачоў чакае "народны R&B" у выкананні "Отава Ё" (Расія), гарачы фолк-панк ад Ahmed Má Hlad (Чэхія), рэп-рок-фолкавыя эксперыменты "Бандурбэнд" (Украіна), а таксама мультылінгвістычны праект Караліны Ціхай і Бартэка Палыгі (Польшча), якія прывязуць праграму, створаную на 9 мовах, на якіх гістарычна размаўляла Беласточчына.

Таксама наведвальнікаў "Камяніцы" чакаюць кірмаш традыцыйных рамёстваў, старадаўнія танцы і гульні, а таксама выставы, майстар-класы і нацыянальныя стравы ад лепшых шэф-кухараў. Як і раней, уваход для гледачоў у беларускіх нацыянальных строях будзе бясплатным. Мужчынскі строй мусіць складацца з галаўнога ўбора, кашулі, пояса, нагавіцаў і камізэлькі. Жаночы касцюм — з галаўнога ўбора (акрамя дзяўчат), спадніцы, фартуха, кашулі, пояса. Абутак можа быць сучасным.

Фолк-фестываль "Камяніца" ўжо ў шосты раз пройдзе ў Музеі народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Строчыцы пад Мінскам. Пачатак 6 верасня ў 12:00.

Квіткі на фестываль у продажы. Кошт — 60 тысяч рублёў. Набыць іх можна на сайце bycard.by альбо ў фірмовых касах. Грошы, атрыманыя ад продажу квіткоў, дапамагаюць рэканструкцыі і захоўванню экспанатаў Музея народнай архітэктуры і побыту.

Інфалінія: (033) 673-83-97.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі