Вольскі: Я магу адмовіцца ад "Рок-каранацыі", але не ад "Басовішча"
У польскім Гарадку стартаваў XXVI фестываль маладой беларускай музыкі.
У пятніцу 17-га Гарадок на польска-беларускай мяжы ажывае: з усіх куткоў Беларусі і Польшчы сюды едуць аматары маладой беларускай музыкі і музыканты. Традыцыйна трэція выхадныя ліпеня тут прахозяць пад шыльдай "Басовішча", і так ужо 26 гадоў запар. Мяжа гэтым разам пралятае даволі хутка і без праблем. І вось мы ў Борыку, дзе пасярод соснаў стаіць сцэна, з якой у свой час стартуюць многія маладыя беларускія гурты і якая памятае сэты яшчэ "Мроі", "Улісу", "Кардону", Zero-85 ды "Бонды".
"Мне не надакучыла выступаць на "Басовішчы". І я бачу, што з кожным годам тут становіцца ўсё цікавей. Таму мы будзем выступаць на "Басовішчы" пакуль "Басовішча" будзе", — кажа Раман Жыгараў з гурта Akute — частага госця фестывалю.
"Басы", якія апошнія гадоў шэсць крытыкуюць то за эксперыменты з лайн-апам, то за адны і тыя ж твары, то за кепскую арганізацыю, то за адсутнасць беларусаў з-за траблаў з візамі, жывуць сваім звычайным жыццём. Яны па-ранейшаму — месца сустрэчы даўніх сяброў і музыкаў са сваёй непаўторнай атмасферай, добрай ежай і добрым гукам. Хоць у плане колькасці гледачоў сёння фэст падаецца больш камерным, чым у старыя добрыя часы. Але пад вечар сітуацыя выпраўляецца.
"Я тут 14-ты раз. І мне падабаецца атмасфера разняволенасці і свабоды, якая тут пануе. І нават не вельмі істотна, хто сёння грае, хаця я рады, безумоўна, пачуць Лявона Вольскага", — прызнаецца Сяргей з Мінску.
Сёлета на фэст вяртаецца конкурс, праўда, у некалькі дзіўным фармаце: арганізатары праводзяць паўфінал у інтэрнэце, а да фіналу дапускаюць усяго чатыры каманды (такое строгае журы!), сярод якіх ёсць новыя беларускія зоркі TonqiXod, Navi, By Cry i Exegutor. Каманды выконваюць па некалькі трэкаў, а пераможца стане вядомы ўвечары 18 ліпеня.
Лайн-ап першага дня "Басовішча" вельмі характэрны для фэста. Яго ўдарная частка пачынаецца а 21-й яркім сэтам колішняй арганізатаркі "Басоў", спявачкі Ілоны Карпюк і сяброў, пераходзіць у драйвовы выступ Akute (новая бубначка каманды Вікі Фатэс улівае новую кроў у некаторую інертнасць каманды), змяняецца прыгожай экспрэсіяй Re1ikt (музыкі напрыканцы паўстаюць з белымі аголенымі торсамі) і выліваецца ў грандыёзны паўтарагадзінны канцэрт Лявона Вольскага.
"Басовішча" па-ранейшаму папулярнае, таму што гэта нармальны, недзяржаўны, студэнтскі, нефармальны фестываль, прафесіяналізм якога расце з кожным годам, — разважае Лявон Артуравіч. — І калі я магу адмовіцца ад якой-небудзь "Рок-каранацыі", то ад "Басовішча" я не магу адмовіцца, калі мяне запрашаюць. Таму што гэта трэба падтрымліваць, бо ў нас ніводная цыклічная акцыя не перажыла 26-ці гадоў. У нас усё загнулася апроч "Басовішча"".
18 ліпеня на "Басовішчы" чакаецца выступ баяніста Ягора Забелава, польскіх каманд Ostrow i Lao Che, беларусаў Pomidor/Off, Dzieciuki i Brutto.
Больш фота глядзіце тут.