Былыя “Ляпісы” распісалі гастролі да Новага года?
Neuro Dubel, N.R.M. святкуюць юбілеі, Вольскі выступае ў Вільні, а Міхалок рыхтуецца да жыцця без "Трубяцкога". Еўрарадыё даведалася, што музыкі рыхту
Галоўную інтрыгу трымае гурт “Ляпіс Трубяцкі”, які днямі ў Вільні адыграў адзін са сваіх апошніх канцэртаў. Гурт урачыста аб’явіў пра спыненне сваёй дзейнасці з 1 верасня, але пакуль планаў на будучыню музыкі не раскрываюць. Па чутках, гурт “раздзеліцца” на дзве каманды: на чале адной з іх па-ранейшаму застанецца Сяргей Міхалок, а другой — Павел Булатнікаў. Як стала вядома Еўрарадыё з розных крыніц, цяпер па абодвух праектах вядзецца актыўная падрыхтоўка і нават распісаны гастрольны тур да Новага года.
“Усё ж да 1-га верасня мы нічога аб’яўляць не будзем, — інтрыгуе прадзюсер гурта Яўген Калмыкоў і не каментуе чуткі і нашы здагадкі. — Мы, натуральна, проста так не сядзім і нешта рыхтуем, але пра гэта распавядзём, калі закрыецца праект “Ляпіс Трубяцкі””.
Ці здолее нехта з “Ляпісаў” выступіць у Беларусі, невядома. Але іншыя беларускія музыкі парадуюць увосень новымі альбомамі, кліпамі і юбілейнымі канцэртамі.
Самыя “сталыя” юбіляры, гурт Neuro Dubel, адсвяткуюць 25-годдзе з былымі ўдзельнікамі калектыву. 20 гадоў на сцэне адзначыць N.R.M. на чале з Пітам Паўлавым. Да свайго святочнага канцэрта музыкі плануюць выпусціць трыб’ют ды гастрольны тур.
“Мы будзем святкаваць 20-годдзе, і з гэтай нагоды выпраўляемся ў тур. Да яго рыхтуем некалькі новых песень. Канцэрты пройдуць у розных гарадах Беларусі і іншых краінах. Да таго, ж мы рыхтуем трыб’ют N.R.M., таму, магчыма, у некаторых гарадах да нас далучацца маладыя гурты са сваімі песнямі ды сваімі версіямі нашых песень”, — каментуе бліжэйшыя планы Піт Паўлаў.
Святочны год працягне гурт :B:N: — музыкі адзначаць 15-годдзе гурта 21 лістапада ў клубе Re:Public. Да новага сезона бярозаўцы рыхтуюць адразу тры прэм’еры: новы альбом, фартэпіянны ЕР і кліп на песню “Попел”.
“А калі знойдуцца спонсары, дык і ў юбілейны тур па краіне б паехалі!” — непразрыста намякае Алесь Лютыч.
Праехаць ледзь не па ўсіх беларускіх гарадах у новым сезоне плануе гурт Akute. Летась музыкі выступілі ва ўсіх абласных цэнтрах краіны, а цяпер думаюць прадставіць сваю новую праграму “Рэальнасць і сны” і ў шэрагу маленькіх гарадоў. Таксама гурт абяцае прэзентаваць новы кліп ды выступіць з канцэртамі ў Літве, Польшчы ды Латвіі.
“Мы далі сабе ўстаноўку даехаць нават да самых маленькіх гарадоў! — распавядае вакаліст гурта Станіслаў Мытнік. — Мы з вялікай радасцю ездзім па такіх месцах, там, дзе граем упершыню ці куды ўвогуле мала хто прыязджае. Там зусім іншая атмасфера і іншыя людзі, і нават калі не збіраецца шмат людзей, ад гэтага не менш прыемна праходзяць канцэрты”.
Вялікую прэзентацыю альбома “Грамадазнаўства” рыхтуе Лявон Вольскі. Імпрэза мае адбыцца ў віленскай Teatro Arena 11 кастрычніка. Па словах музыкі, у першым аддзяленні будуць выконвацца песні розных гадоў, якія Лявон пісаў “для розных музычных фармацый”. А ўжо пасля распачнецца непасрэдна прэзентацыя “Грамадазнаўства”, у якой возьмуць удзел і нарвежскія музыкі, з якімі запісваўся альбом.
“Гэта будуць два розныя шоў, — прызнаецца Лявон. — Першае будзе ў стылістыцы канца 1990-х – пачатку 2000-х, такое настальгічнае. А ўжо другая палова канцэрта будзе такая, больш канцэптуальная — “Грамадазнаўства”.
Акрамя гэтага музыка дасць яшчэ адзін канцэрт у віленскай сталіцы — 24 кастрычніка Вольскі выступіць сумесна з нямецкімі выканаўцамі. Што да канцэртаў на Радзіме — іх пакуль не варта чакаць, адзначае Лявон, як і новых рэлізаў. Што праўда, “не чакаць увосень” — на развітанне абнадзейвае музыка.
Гурт “Дай Дарогу!” правёў такое актыўна-гастрольнае лета, што на пачатку новага сезона музыкі плануюць крыху перадыхнуць.
“Цяпер ва ўсіх, можа, і працоўная змена, а нам бы ў адпачынак!” — смяецца лідар каманды Юрый Стыльскі. — Хоць, можа, ужо і прыйшоў час “каваць”! Мы ж у кожным выпадку на месцы не сядзім і будзе, чым слухача парадаваць! Спадзяемся “даваражыць” наш кліп на песню “Отравлены мозги”, справа засталася за спецэфектамі. Ды некалькі новых хітоў запішам дакладна!”
Яшчэ два доўгачаканыя рэлізы да восені рыхтуюць гурты Nizkiz і Yellow Break Road. Калі ў магілёўцаў ужо заяўлены “дэдлайн” — сярэдзіна восені, то хлопцы з “жоўтай цаглянай дарогі” пакуль разбіраюць новы матэрыял.
“Мы столькі ўсяго панапрыдумлялі, а што з гэтага запісваць на новую пласцінку, так і не разабраліся, — тлумачыць Ян Максімовіч. — Таму паступова адбіраем матэрыял. Але дакладна выдадзім цікавы ЕР позняй восенню!”
Адзін з самых загадкавых гуртоў беларускай сцэны, Re1ikt, працягне свае экспедыцыі па Беларусі. Цяпер калектыў сфакусаваны на новым матэрыяле і шчыльна працуе ў студыі. З датай рэлізу альбома, які раней быў запланаваны на восень, музыкі пакуль не вызначыліся.
“Не хочацца рабіць матэрыял, які проста падагнаны пад тэрмін, — тлумачыць Аляксандр Дземідзенка. — Хочацца прапанаваць людзям паслухаць асэнсаваны твор, каб і мы самі былі на 100% задаволеныя матэрыялам”.