Хакеісты "Юнацтва" дапамаглі затрымаць у Салігорску нецвярозага кіроўцу
Удзельнікамі незвычайнага здарэння сталі хакеісты клуба "Юнацтва-Мінск" 20 верасня. У гэты вечар спартоўцы вярталіся з Салігорску, дзе правялі пераможную сустрэчу з мясцовым "Шахцёрам". (У першым паўфінальным матчы Кубка Беларусі мінскі клуб выйграў з лікам 4:2.)
Пасля гульні каманда на клубным аўтобусе вярталася ў Мінск, паведамляе прэс-служба "Юнацтва". На выездзе з Салігорску спартоўцы заўважылі аўтамабіль, які ехаў так, што стала ясна — яго вядзе нецвярозы кіроўца.
Кіроўца клубнага аўтобуса дагнаў небяспечны аўтамабіль, які пагражаў іншым удзельнікам дарожнага руху. Хакеісты спынілі нецвярозага кіроўцу, выклікалі ДАІ. Нарад склаў пратакол на парушальніка і забраў яго на медыцынскі агляд. Аўтамабіль нецвярозага кіроўцы быў адпраўлены на штрафстаянку.