Харытановіч—Моўчану: Ваш памер няправільны!

Я вам скажу, што ў вас няправільна, — бубнач Зміцер Харытановіч, абкладзены паперамі са сваімі партыямі, спрабуе давесці кампазітару Алегу Моўчану, што памер у яго "Малітве" не 4/4, а 12/8!

— А, у мяне няправільна?! Ну, усё! — разводзіць рукамі Алег Уладзіміравіч, якога абурае нахабнасць рокераў.

Спрэчку перапыняе жонка Моўчана Ірына Відава, чарговы раз спрабуючы звярнуць увагу прысутных на сябе:

Парады даюць, а песню нават і не чулі!


Ну, навошта вы так, мы ўсё прааналізавалі, — басам перабівае поп-спявачку басіст гурта Naka Аляксей Паўловіч.

Харытановіч працягвае:

У расшыфроўцы вашага твора стаіць памер 4/4 і тэмп 62. У чатырох чвэрцях...


Тэмпу 62 не бывае, так?


Не, пачакайце. Пры тэмпе 62 памер 4/4 будзе гучаць у іншай хуткасці, чым арыгінал.


Гэта мая задума, — адбіваецца Моўчан.


Ды калі ласка! Але гэта не адпавядае рэчаіснасці!


Гэта вашай рэчаіснасці не адпавядае!

Суддзя Іна Цысік асаджвае Моўчана: непрыгожа лаяцца славутаму кампазітару, чыя рэпутацыя з-за "вульгарнай" версіі "Малітвы" гурта Naka цяпер пад пытаннем (так чамусьці мяркуе бок пазоўніка).

У Мінску пачаўся суд па іску кампазітара Моўчана да Шпакоўскай

Увогуле, Моўчан, як аказваецца, гулец дасведчаны. Не першы раз ён абараняе свой твор і заўсёды выходзіць пераможцам. Тым больш, калі побач такая падтрымка: адвакат і жонка, якая пільна сочыць за кожным словам, што выходзіць з вуснаў адказчыкаў, і ўсё запісвае сабе ў нататнік. І на тэлефон здымае музыкаў, хоць яны ёй і не дазваляюць гэтага рабіць.

Музыкі Naka, якія без дазволу Алега Моўчана зрабілі кавер "Малітвы" і аднойчы выканалі яе на канцэрце, прысвечаным "Песнярам", цяпер мусяць наскрэбсці са сваіх банкаўскіх рахункаў 26 мільёнаў (калі суд задаволіць іск Моўчана) — гэта з аднаго боку кампенсацыя за цяжкасць парушэння, а з іншага — папярэджанне для астатніх ахвочых замахвацца на спадчыну "Песняроў". Аднак “падсудныя” рокеры злачынства ў сваіх дзеяннях не бачаць: зрабілі кавер — хто іх цяпер не робіць? Маўляў, кавер-бэндаў у Мінску цяпер столькі ж, колькі звычайных гуртоў, і ўсе яны просяць дазвол у Крыса Ры ці Дзіка Дэйла на перапрацоўку аранжыроўкі да іх песень? Тым больш, што іх партыі далёкія ад аранжыроўкі Моўчана.


Але суддзя непахісная: ёсць рэч і ёсць гаспадар. І ўзяць яе можна толькі з дазволу гаспадара.

Каму належыць "Малітва" — Моўчану ці "Песнярам"?

Вакалістка Naka апелюе: раз у нас у гурце песні ствараюцца збольшага сумесна, ці не ствараў Моўчан песню разам з Мулявіным? Ці мог геніяльны Мулявін вось так 100-адсоткава прыняць твор, напісаны не ім, і нічога ў ім не паправіць? Тым больш, што некаторыя крыніцы пішуць, што аўтары музыкі да "Малітвы" Моўчан і Мулявін. Тут яшчэ і былая жонка Моўчана Таццяна таксама кампазітар, прыйшла на суд і кажа, што "Малітву" Моўчан пісаў сумесна з Мулявіным, і сам ёй пра гэта сказаў:

— Яны былі на караблі. Крыху выпілі. Мулявін узяў гітару, і яны разам стварылі "Малітву".

Праўда, былая жонка кампазітара, якая таксама збіраецца ў бліжэйшай будучыні ў суд абараняць свае аўтарскія правы, сцвярджае, што не надта пераймаецца, калі іх парушаюць. Але кажа, што калі б раней ведала Насту, то абавязкова параіла б ёй не звязвацца з Моўчанам.

Naka: Не разумею, чым менавіта мы нанеслі Моўчану шкоду на 18 мільёнаў!

Тым часам у судзе разглядаюцца дакументы і матэрыяльныя носьбіты, датычныя справы. Суддзя гартае, падаецца, бясконцыя старонкі такой нібыта простай справы. Пра тое, які заробак Моўчан атрымліваў у "Песнярах" (кампазітара, дарэчы, увесь час прэміравалі за добрую працу), што "Песняры" не прэтэндуюць на "Малітву", зачытвае факты, дзе аўтарам "Малітвы" называецца толькі Мулявін. Потым праслухоўваецца версія Naka, якая аднойчы выконвалася на канцэрце. І партыя баса Аляксея Паўловіча, у якой няма нічога агульнага з аранжыроўкай Моўчана, потым арыгінал, дзе Мулявін называе аўтарам песні Алега Моўчана.

Усе стаміліся. Ёсць кавер. Яго ніхто ніколі не пачуе. Бо нельга. Але за тое, што яго асмеліліся зрабіць, трэба заплаціць амаль 2 тысячы долараў! Музыкі, не жартуйце з сур'ёзнымі кампазітарамі!

18 мільёнаў, якія патрабуе Алег Моўчан, раздзеляць паміж музыкамі Naka?

Рашэнне па справе будзе вынесенае 17 красавіка.

Фота Алега Моўчана ўзятае з сайта naviny.by, Уладзіміра Мулявіна - з youtube.com, Змітра Харытановіча - з сацыяльных сетак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі