Іларыёнаў: У бліжэйшыя дні можа быць атака на Кіеў (відэа)

Андрэй Іларыёнаў, былы дарадца Уладзіміра Пуціна, прэзідэнт Інстытута эканамічнага аналізу даў інтэрв'ю ўкраінскаму Грамадскаму тэлебачанню. Ён гаварыў пра магчымую актывізацыю баявых дзеянняў ва Украіне.

Іларыёнаў не выключае, што "рыхтуецца паход на Кіеў". Паводле яго слоў, у апошнія некалькі дзён "з'явілася шмат прыкмет" таго, што ідзе падрыхтоўка "пераходу баявых дзеянняў у новую фазу". Гэта будзе "буйное наступленне" і яно датычыць не толькі Данбаса, але і цэнтральнай Украіны, кажа эксперт. Андрэй Іларыёнаў не включае тэрарыстычных пагроз, спробаў справакаваць беспарадкі ў розных гарадах краіны, уключна з Кіевам.

Былы дарадца расійскага прэзідэнта лічыць, што пра такія планы сведчыць зрыў баевікамі мінскіх перамоваў, з'яўленне на Данбасе значных сілаў у баевікоў — і салдат, і баявой тэхнікі, а таксама, нібыта, авіяцыі. Аб'яўленне ў самаабвешчаных рэспубліках мабілізацыі ў 100-тысячную армію можа быць прыкрыццём перакідвання з Расіі дзясяткаў тысяч вайскоўцаў, кажа Іларыёнаў. Ён таксама згадвае магутную інфармацыйную прапагандысцкую кампанію Расіі, пасыл якой зводзіцца да наступнага: досыць мець справы з цяперашняй украінскай уладай, перамовы з ёй весці няма сэнсу, прыйшоў час "заняцца ўсёй Украінай", а не толькі Данбасам.

Наступленне можа пачацца літаральна праз некалькі дзён. Сярэдзіна лютага — самы позні час, адзначыў Іларыёнаў у інтэрв'ю Грамадскаму тэлебачанню. Мэта наступлення — ліквідацыя ці аслабленне цэнтральнай украінскай улады. Дзеля гэтага могуць выкарыстоўвацца самыя розныя сродкі: ад актывізацыі баявых дзеянняў на фронце (і пашырэнне яго) да тэрактаў і спробаў справакаваць масавыя сутыкненні на вуліцах Кіева.

Адзіны спосаб спыніць вайну — Украіна павінна перамагчы, заявіў эксперт. Нагадаем, яшчэ ў сакавіку 2014-га Андрэй Іларыёнаў сцвярджаў, што ўжо "падрыхтаванае і наступленне на сам Кіеў", а "мэта Пуціна — Кіеў і ўся Украіна".

Фота: AFP

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі