Кабякоў: Беларуская эканоміка вяртаецца на траекторыю росту
Беларуская эканоміка вяртаецца на траекторыю росту. З такой заявай у аўторак, 17 траўня, выступіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў. Саўмін разглядаў вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў першым квартале 2016 года.
У сваім выступе прэм'ер прыводзіў дадзеныя Белстата, паводле якіх за студзень-красавік валавы ўнутраны прадукт складае 97%. Па выніках красавіка ВУП павялічыўся на 0,6%. Кабякоў звярнуў увагу на тое, што ў бягучым годзе з кожным месяцам сітуацыя крыху паляпшаецца, заўважная станоўчая дынаміка, інфармуе БЕЛТА.
Прэм'ер адзначыў, што ўраду і Нацбанку даводзіцца рэалізаваць меры макраэканамічнай балансіроўкі ў знешнеэканамічных умовах, якія істотна адрозніваюцца ад тых, на базе якіх фармаваўся прагноз на 2016 год (цана на нафту, курс расійскага рубля, стабілізацыя расійскай эканомікі). Гэтыя меры паўплывалі на тэмпы развіцця беларускай эканомікі, найперш на рэальны сектар. Андрэй Кабякоў заявіў на пасяджэнні, што, нягледзячы на недабраныя за першы квартал года 2,5 працэнтныя пункты па ВУП, "прамысловасць, хоць і ніжэй 2015 года, але вышэй, чым прагназавалі".