Камандзір 36-й брыгады просіць Шольца і Штайнмаера дапамагчы выхаду з Марыупаля
Германія можа стаць гарантам бяспечнага вываду мірных жыхароў і салдат з горада. Пра гэта камандзір 36-й асобнай брыгады марской пяхоты Сяргей Валына заявіў у сваім звароце да прэзідэнта і канцлера Германіі — Франка-Вальтэра Штайнмайера і Олафа Шольца, адпаведна. Яго заяву апублікавала нямецкае выданне Bild.
"Аднойчы свет спыніў зло. Вы памятаеце гэта лепш, чым хто-небудзь іншы. Цяпер зло вярнулася. І ў вас ёсць магчымасць заняць правільны бок гісторыі і спыніць фашызм у зачаткавым стане, перш чым ён спаліць усё вакол сябе", — напісаў Валына.
Ён апісаў сітуацыю ў абложаным Марыупалі, дзе няма вады, ежы, лекаў, ацяплення і электрычнасці.
"Больш за 100 тысяч чалавек галадаюць. У падвалах мае параненыя салдаты гніюць ад ран. Артылерыя, самалёты і нават ВМС не перастаюць нас абстрэльваць. Марыупаль яшчэ можна выратаваць! Свет павінен нарэшце сказаць "ніколі больш" і дапамагчы нам", — заклікае камандзір марпехаў.
Ён дадае, што германскія ўлады маюць магчымасць выратаваць больш за сто тысяч мірных жыхароў і тысячы ўкраінскіх воінаў ад зла, якое "можа знішчыць планету".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.