Kaverin “Naked”

Другі альбом гурта KaverinNaked” — даволі дзіўная з’ява. З аднаго боку, пра яго не выпадае казаць у негатыўным ключы, а з іншага — станоўчыя словы таксама знайсці вельмі складана. Дыск “Naked” безумоўна больш якасны за дэбютнік “No Fear”. Больш сыграны, калі так можна сказаць пра альбом, які запісваўся бадай адным чалавекам. І гэтая думка, напэўна, самая моцная рэакцыя на плытку.

Цікава, што Kaverin перамаглі ў беларускім адборы фестывалю Emergenza, і былі сапраўды лепшымі сярод фіналістаў. Але гучалі яны там драйвова, энергічна, запамінальна і нават была ў іх разыначка. Чаго нельга сказаць пра калектыў, праслухаўшы альбом. Унёсак набраных музыкаў (альбом запісваўся самастойна лідарам калектыву Дзянісам Каверыным, музыкі ў гурце з’явіліся пасля запісу) відавочны і, каб не яны, відаць, гомельскі гурт маглі і не заўважыць.

Сапраўдная недарэчнасць альбома — трэк “Careless Time”, які так дасканала падыходзіць для выканання беларускаму ж гурту Open Space, што становіцца няёмка. Самае цікавае, што Дзяніс Каверын гэта ведае. А ўлічваючы падыход да стварэння альбома (з 30-50 трэкаў абіраецца 10 лепшых, арыгінальных і ўдалых), з’яўленне на пласцінцы адзінай кампазіцыі, якая выклікае прамую асацыяцыю з іншым гуртом, незразумелае.

З дзевяці трэкаў можна вылучыць “Love is Your Sugar”, “Seaside”, “What Do You Dream” і тужлівы медлячок “Lonely”, які створаны па ўсіх канонах слёзавыклікальных трэкаў. Мінімум інструментаў, вельмі самотная гармонія, простая але вельмі ліпучая мелодыка (адчуванне што ведаеш яе ўжо сто гадоў) і на завяршэнне вельмі даўгая мантра-прыпеў Anytime when i feel lonely, I know this is cold fee that I got for the lesson (Кожны раз, калі я адчуваю адзіноту, я ведаю, што гэта халодная плата, якую я атрымаў у якасці ўрока)… У летуценных дзяўчынак трэк проста мусіць карыстацца папулярнасцю! І гэта абсалютна без сарказму.

Нягледзячы на тое, што аранжыроўкі зробленыя з дакладным разуменнем справы, з добрым густам і ў адпаведнасці з сучаснай модай, нейкая штучнасць і пляскатасць гучання робіць альбом “Naked” прахадным. Жадання праслухоўваць яго другі раз не ўзнікае. Але патэнцыйна праект Kaverin — камерцыйна паспяховы, галоўнае, не згубіць унутранага запалу на сцэне і здолець дакладна перанесці яго на запіс. Поспехаў.

  • Трэк-ліст:
  •  
  • 1. Seaside
  • 2. Love is Your Sugar
  • 3. Tina’s Tears (Song about true love)
  • 4. Careless Time
  • 5. Change Your Life
  • 6. Lonely
  • 7. Fire
  • 8. Mr. Accident
  • 9. What Do You Dream

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі