Казулін: ЕС і Расія могуць пачаць кансультацыі па пытанні Беларусі
Прадстаўнікі апазіцыі сустрэліся з кіраўніком МЗС Галандыі Уры Розэнталем. Па яго словах, міністры замежных спраў прымуць усе меры, каб рэзалюцыя Еўрапарламента была напоўненая канкрэтным зместам.
У аўторак прадстаўнікі апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч, Аляксандр Казулін, Ева Някляева і Дзяніс Садоўскі сустрэліся ў Гаазе з міністрам замежных спраў Галандыі Уры Розэнталем.
"Гэта працяг тых кансультацый, якія мы праводзілі ў іншых краінах. 31 студзеня будзе Савет міністраў замежных спраў ЕС і там будуць прымацца канкрэтныя меры ў адносінах да Беларусі", – распавёў Еўрарадыё Аляксандр Казулін.
У першую чаргу зараз пачнецца праца па вызваленні палітвязняў. Таму Розэнталь падкрэсліў, што міністры замежных спраў будуць прымаць усе меры, каб рэзалюцыя Еўрапарламента была напоўненая канкрэтным зместам.
"Зараз тыя санкцыі, якія былі раней уведзеныя да чыноўнікаў і тых, хто мае дачыненне да фальсіфікацыі выбараў і збіцця людзей, будуць адноўленыя ў буйнейшым маштабе", – адзначае Казулін. – Таксама, магчыма, будуць прапанаваныя новыя выбары, бо Лукашэнка не мае права быць прэзідэнтам Беларусі".
Такім чынам ЕС канстатуе, што не прызнае Алксандра Лукашэнку легітымным прэзідэнтам, дадае Казулін.
Гаворкі пра тое, што жорсткія санкцыі скіруюць Беларусь да Расіі палітык лічыць шантажом з беларускага боку.
Казулін: "Выказваецца занепакоенасць, што калі будуць прынятыя жорсткія меры – гэта адхіліць Беларусь ад руху ў ЕС і наблізіць да Расіі. Мы ім прывялі прыклады таго, што ёсць лісты ад беларускіх амбасадараў, якія наўпрост ставяць гэтае пытанне. Калі будуць прынятыя жорсткія санкцыі ў адносінах да Беларусі, то гэта прывядзе да больш блізкіх адносінаў з РФ. Але гэта проста такі шантаж, які зноў пачынае праводзіць дыпламатычнае кола з боку Беларусі. Яны гэта разумеюць. І зараз ёсць такое адчуванне, што могуць пачацца пэўныя кансультацыі паміж ЕС і Расіяй, каб не дапусціць такога шантажу".