Кіеў не атрымаў ніводнай “чорнай скрыні” са збітага “Боінга”
Пра гэта заявіў на брыфінгу спікер Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Лысенка.
“Украінскі бок не атрымаў ніводнай чорнай скрыні. Гэта афіцыйная інфармацыя. Мы не маем ніводнай”, — цытуе Лысенку Інтэрфакс.
У той жа час, як перадае руская служба ВВС, інспектары АБСЕ прыбылі на месца крушэння лайнера Малазійскіх авіяліній, але пакуль не могуць атрымаць поўнага доступу да абломкаў самалёта. Раней сепаратысты з ДНР не падпускалі іх да месца падзення самалёта. Цяпер эксперты АБСЕ апытваюць мясцовых жыхароў.
Раней кіеўскія ўлады абвінавацілі прадстаўнікоў самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі ў спробе знішчыць доказы крушэння лайнера.
“Боінг-777” быў збіты на Данеччыне ракетай 17 ліпеня ўвечары. Паводле дадзеных украінскіх вайскоўцаў і ЗША, у гэтым вінаватыя сепаратысты. Расія ў сваю чаргу ўсклала адказнасць за трагедыю на ўкраінскіх вайскоўцаў.
Фота: АР