10 гадоў таму быў збіты малайзійскі "Боінг" MH17
Збіты "Боінг" MH17
Дзесяць гадоў таму, 17 ліпеня 2014 года, на Данбасе, дзе ішлі баявыя дзеянні паміж украінскімі войскамі і сепаратыстамі, падтрыманымі Расіяй, ракетай быў збіты пасажырскі "Боінг" MH17 кампаніі "Малайзійскія авіялініі". Не выжыў ніводзін з 298 чалавек, якія былі на яго борце.
Міжнародная група следчых выявіла, што самалёт быў збіты з расійскага ракетнага комплекса "Бук". У 2022 годзе акруговы суд Гаагі прызнаў вінаватымі ў датычнасці да катастрофы малайзійскага "Боінга" трох чалавек:
былога "міністра абароны" так званай ДНР і палкоўніка ФСБ у адстаўцы Ігара Гіркіна (Стралкова);
былога кіраўніка вайсковай разведкі так званай ДНР, палкоўніка ГРУ Генштаба Расіі ў адстаўцы Сяргея Дубінскага;
падначаленага Дубінскага ў вайсковай разведцы ДНР Леаніда Харчанку (ён адзіны з усіх абвінавачаных быў жыхаром Данбаса і грамадзянінам Украіны).
Ніхто з абвінавачаных на суд не з'явіўся. Усе яны былі прыгавораныя да пажыццёвага зняволення.
Дарэчы, у Расіі ў студзені 2024 года Ігара Стралкова асудзілі, але не за збіты "Боінг". Яму прысудзілі чатыры гады калоніі, абвінаваціўшы ў публічных закліках да экстрэмізму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.