Кнігу пра вайну 1812 года прэзентавалі ў Пружанах
Раней аўтар прадставіў манаграфію “Паміж Напалеонам і Аляксандрам” у Польшчы.
Кандыдат гістарычных навук Леанід Несцярчук тлумачыць гэта так:
“Аўдыторыя там падрыхтаваная больш. Спачатку Напалеон аднавіў Вялікае Герцагства Варшаўскае. Палякі зладзілі канферэнцыю. Мяне запрасілі выступіць з гэтым дакладам “Беларусь у 1812 — 1813 гадах”. У нас двухсотыя ўгодкі тых падзей прайшлі ціха-мірна. Нічога не ладзілі”.
Са словаў спадара Несцерчука, дзеля кнігі ён некалькі гадоў працаваў у архівах Францыі, Швейцарыі, Аўстрыі, Нямеччыны і Польшчы. У манаграфіі больш за тысячу трыста бібліяграфічных спасылак, з іх каля 400 на замежных мовах.
Першая ў Беларусі прэзентацыя 300-старонкавага фаліянта вагой у паўтара кілаграмы прайшла ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” у рамках святкавання яго 20-х угодкаў. На імпрэзу прыйшло каля сотні цікаўных.
Далей кніга будзе прэзентаваная ў Брэсце. Яна ўжо мае добрую прэсу: аўтары адзначаюць, што гэта першая вялікая праца, у якой паход Напалеона ў Расію ацэньваецца з пункту гледжання беларускіх нацыянальных інтарэсаў.