Колькі зарабляюць на будаўніцтве БелАЭС
БелАЭС / Reuters
15 жніўня прыблізна некалькіх дзясяткаў рабочых-расіян з будоўлі БелАЭС выйшлі на галоўную плошчу Астраўца з патрабаваннем выплаціць заробак за апошнія два месяцы працы. Аказалася, што ў працадаўцы няма грошай. Забастоўшчыкі расказалі, што паехалі ў Беларусь па вялікія грошы, якія паабяцаў ім наймальнік. Колькі ж плацяць рабочым на будаўніцтве Беларускай АЭС?
Рабочыя расказалі, што ўладкоўваліся на працу праз расійскую кампанію "Стройинвестпроект". Пры гэтым на пропусках на будпляцоўку ва ўсіх пазначана іншая расійская кампанія — АТ "Сезам".
Гэтая фірма размясціла 25 ліпеня на мясцовым Астравецкім сайце цэлую серыю вакансій. Тут табе і зваршчыкі, і прарабы, і мантажнікі, і інжынеры. У большасці вакансій абяцаюць заробак ад 1000 рублёў.
Іншыя кампаніі, занятыя на будоўлі БелАЭС, абяцаюць яшчэ вышэйшыя заробкі. АТ "НИКИМТ-Атомстрой" прапануе мантажніку вонкавага трубаправода, зваршчыку ці начальніку аддзела зарплату ад 1800 рублёў.
Прадстаўніцтва ТАА "Трест РосСЭМ", таксама занятае на будаўніцтве АЭС, прапануе галоўнаму інжынеру зарплату не ніжэй 1800 рублёў.
Атрымліваецца, што будаўнікоў прыцягваюць абяцанымі вялікімі заробкамі на быццам бы сур'ёзным статусным аб'екце, а па выніку не выплачваюць некалькі месяцаў зарплату. І калі рабочым, занятым на такім важным аб'екце, некалькі месяцаў не выплачваюць заробак, то дзе гарантыя, што сваю працу яны робяць якасна?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.