"Комсомольская правда" зачыняе прадстаўніцтва ў Мінску
"Комсомольская правда" зачыняе сваё прадстаўніцтва ў Мінску, паведамляецца на сайце выдання.
"Прааналізаваўшы падзеі апошняга года і асабліва апошняга тыдня, "Комсомольская правда" прыняла рашэнне зачыніць сваё прадстаўніцтва ў Мінску ЗАТ "БелКП-прэс". Усім супрацоўнікам будуць выплачаныя грашовыя кампенсацыі або прапанаваная праца на іншых прадпрыемствах КП", — гаворыцца ў паведамленні.
У жніўні 2020 года выданне сутыкнулася з праблемамі пры друку і распаўсюдзе, калі апублікавала матэрыялы аб пратэстах у Мінску і катаваннях на Акрэсціна. У выніку быў зменены галоўны рэдактар беларускага выпуску "Камсамолкі".
На мінулым тыдні газета аператыўна зрабіла матэрыял пра Андрэя Зельцэра, які загінуў у перастрэлцы з супрацоўнікамі КДБ. Пасля гэтага ўлады заблакавалі сайт беларускай версіі "КП". Журналіст Генадзь Мажэйка, які напісаў згаданы матэрыял, быў затрыманы ў рамках крымінальнай справы. Паводле неафіцыйных звестак, яго затрымалі ў Маскве, аднак афіцыйная версія сцвярджае, што затрыманне адбылося ў Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.