Козік параіў Грыбу купіць акцыі завода, які збанкрутаваў

Дзяржава спадзяецца, што новы дэкрэт, які дазволіў беларусам прадаваць акцыі прадпрыемстваў, палепшыць сітуацыю на айчынным рынку валютных папераў. Аднак гандаль акцыямі складае ўсяго 0,01% ад агульнага аб’ёму таргоў на беларускім рынку каштоўных папераў, а большую частку, па словах дырэктара дэпартамента па каштоўных паперах Мінфіна Беларусі Аляксандра Гальперына, займае гандаль дзяржаблігацыямі: “Рынак каштоўных папераў у Беларусі прадстаўлены рознымі сегментамі. Гэта рынак і дзяржпапераў, і рынак каштоўных папераў Нацыянальнага банку, і ў тым ліку рынак карпаратыўных каштоўных папераў, якія прадстаўленыя не толькі акцыямі, але і аблігацыямі. На сёння пераважна здзелкі заключаюцца з дзяржаўнымі каштоўнымі паперамі, з дзяржаблігацыямі”.

Аляксандр Гальперын таксама расказаў Еўрарадыё, што раней рынак працаваў слаба і толькі апошнія 4 месяцы былі створаныя спрыяльныя ўмовы:

Аляксандр Гальперын: “Прыняцце гэтага дэкрэту – гэта адзін з дакументаў цэлай серыі, якія былі прынятыя за апошнія чатыры месяцы і былі накіраваныя на развіццё рынку карпаратыўных каштоўных папераў. Гэта і зніжэнне падаткаў на даходы з каштоўнымі паперамі, і адмена інстытуту залатой акцыі. Я думаю, што да канца года прагрэс будзе відавочны ў развіцці рынку каштоўных папераў.”

Як даведалася Еўрарадыё, уладальнік сотні акцыяў Мінскага гадзіннікавага завода “Луч”, былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб свае акцыі прадаваць не збіраецца. Па-першае, гэта цяганіна, па-другое, палітык сумняецца, што з продажу можна будзе што-небудзь атрымаць, бо дывідэндаў ён не атрымаў ні капейкі.

Мечыслаў Грыб: “Я неяк паклікаў Козіка і кажу: вось ты як эканаміст скажы, якія прадпрыемствы больш моцныя эканамічна, куды можна мае чэкі аддаць. Ён сказаў, што можна аддаць на Мінскі гадзіннікавы завод ці на завод халадзільнікаў. Ну, вось аддаў. Няўдала. Але што ж зробіш? Гэты завод практычна загадаў доўга жыць. Нічога я не атрымаў, ніводнай капейкі за ўвесь час”.

Аляксандр Гальперын патлумачыў Еўрарадыё, што прадаць акцыі самастойна немагчыма. А прафесійных брокераў па ўсёй Беларусі ўсяго 60 чалавек!

Аляксандр Гальперын: “Натуральна, фізічная асоба не можа сама падаць заяўку ў гандлёвую біржу. Для гэтага ёй трэба скарыстацца паслугамі прафесійнага ўдзельніка рынку каштоўных папераў, у якога ёсць адпаведная ліцэнзія на аказанне брокерскіх паслугаў. Увогуле ў рэспубліцы дзейнічае 60 прафесійных удзельнікаў”.

Вось Мечыслаў Грыб і не будзе варушыцца, каб прадаваць сваю долю. Толькі, калі вартая прапанова з’явіцца. Але пакуль пра такія прапановы нічога не чуваць.

Мечыслаў Грыб: “Цяжка ж будзе прадаць тое, што ніхто не купляе. Гэта павінен быць нехта, хто будзе зацікаўлены ў гэтых акцыях, напрыклад, на Мінскім гадзіннікавым заводзе. Ён будзе вывучаць, у каго акцыі ёсць і будзе прапаноўваць свае ўмовы. Але пакуль я нічога з таго боку не чуў”.

Па словах Аляксандр Гальперына, пакуль станоўчых зменаў на біржы няма. Але ці будуць яны, калі сэнсу ў продажы акцыяў беларусы не бачаць?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі