Крама: У нас як з музыкай на радыё — 80% беларускага
У Міністэрстве гандлю запэўніваюць, што не абмяжоўваюць продаж замежнага. У Мінгарвыканкаме кажуць толькі пра “76% беларускіх тавараў у крамах”.
“Даўно ўжо ідзе гаворка, што мусіць быць 80% беларускага. Так жа, як ідзе музыка на радыё. Мы ж у Беларусі жывем”, — расказваюць Еўрарадыё пра беларускія тавары ў мінскай краме “Закрама”.
Але ў гэтай краме не могуць прыгадаць, каб быў такі адмысловы загад, толькі “вусная просьба”.
У сетцы крамаў “Гіпа” Еўрарадыё таксама прыгадваюць, што “папрасілі павялічваць долю айчынных тавараў”. Але, гэта распараджэнне, ці нейкі іншы дакумент, тут не ўдакладняюць.
Беларускіх тавараў мусіць быць больш за 76%, нечакана адразу прызнаюць у Галоўным упраўленні спажывецкага рынку Мінгарвыканкаму:
“Ёсць пэўны нарматыў да якога мы імкнёмся. Цяпер нашы тавары на ўзроўні 76% ад усіх. Але імкнёмся, каб было вышэй”.
А вось у Міністэрстве гандлю Еўрарадыё запэўніваюць, што ніхто не абмяжоўвае продаж замежных тавараў. І прыгадваюць пра кандытарскія вырабы…
“Ніякіх дакументаў, якія б забаранялі гандлёвым аб’ектам прымаць замежныя тавары няма. Ніякіх абмежаванняў. Наконт рэалізацыі прадукцыі Мінгандлю ніякіх даручэнняў не дае. Існуе графік пастаўкі прадукцыі “Камунаркі” і “Спартака” па абласцях. Яны самі зніжаюць кошты і праводзяць рэкламу сваёй прадукцыі. Але вырашае пакупнік”, - тлумачаць у Міністэрстве гандлю.
Раней украінскія пастаўшчыкі цукерак заяўлялі, што ў Беларусі ёсць абмежаванні на продаж. У “Лакамцы”, што на праспекце Незалежнасці ўкраінскія ёсць. На вока — 80% беларускай прадукцыі супраць 20% украінскай.
“Гэта ў нас заўжды так. Але наша танней, калі параўноўваць”, — гаворыць прадаўшчыца.
І сапраўды: беларускую малочную шакаладку тут можна набыць за 8 тысяч рублёў. Такая ж украінская амаль на дзве тысячы даражэйшая.
У кандытарскім аддзеле крамы “Белая Русь” больш беларускіх цукерак, “бо на тое ёсць распараджэнне”. Але, што гэта за дакумент, прадаўшчыца прыгадаць не можа.
Цікава, што па дадзеных Белстата, са студзеня па красавік 2013 году доля айчынных прадуктаў, якія прадалі беларусам — 70%. А харчовых прадуктаў, напояў і тытунёвых вырабаў — аж 82%.
Фота: 21.by відэа: onliner.by