Крышціяну Раналду стаў уладальнікам "Залатога мяча" за 2013 год (відэа)
Урачыстая цырымонія ўручэння прыза лепшаму футбалісту планеты прайшла 13 студзеня ў Цюрыху. Раналду не мог стрымаць слёзаў.
На "Залаты мяч" па выніках 2013 года прэтэндавалі партугалец Крышціяну Раналду з мадрыдскага "Рэала", аргентынец Ліянэль Месі з "Барселоны" і француз Франк Рыберы з "Баварыі". Як вядома, у апошнія гады Раналду рэгулярна трапляў у тройку лепшых, але прыз даставаўся Месі. Сёлета прыйшло свята і на вуліцу нападаючага "Рэала" і партугальскай зборнай. Ён сапраўды правёў бліскучы сезон, запомніўся сваімі выступленнямі і за зборную, і за клуб. У мінулым годзе Раналду забіў 66 галоў у 55 матчах.
Крышціяну Раналду 5 лютага споўніцца 29 гадоў. За "Рэал" ён выступае з 2009 года. За яго пераход мадрыдскі клуб заплаціў "Манчэстар Юнайтэд" рэкордныя 83 млн фунтаў стэрлінгаў. У бягучым сезоне чэмпіянату Іспаніі Раналду — лідар бамбардзірскай гонкі, у яго на рахунку ўжо 20 забітых галоў. Месі, у якога была траўма, адстаў — пакуль у яго толькі 8 галоў.
Больш здымкаў гл. тут.
Фота — AFP, Getty Images