ЛДП вылучыла 110 кандыдатаў на парламенцкія выбары
Ліберальна-дэмакратычная партыя на пазачарговым з’ездзе вылучыла 110 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. З’езд прайшоў у Мінску 16 ліпеня, перадае БелаПАН са спасылкай на прэс-службу ЛДП.
Апроч вылучэння прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты, на мерапрыемстве быў зацверджаны адзіны тэкст выступу кандыдатаў ад арганізацыі па тэлебачанні і радыё ў перыяд агітацыйнай кампаніі і перадвыбарчая праграма “За Моцную Беларусь!”.
Згодна з гэтай праграмай, ЛДП на парламенцкіх выбарах будзе выступаць за незалежнасць і суверэнітэт краіны, недапушчэнне скажэння і перапісвання гісторыі ад Полацкага княства да Рэспублікі Беларусь, падтрымку беларускай мовы і культуры, рэгіянальнае развіццё і пашырэнне паўнамоцтваў мясцовых органаў улады.
Што да знешняй палітыкі, то тут партыйцы падкрэсліваюць неабходнасць узмацніць ролю краіны на міжнароднай арэне і прапануюць дзейнічаць па формуле “Захад — наш партнёр, а Расія — парламенцкі саюзнік”. Таксама ЛДП выступае за стварэнне магутнага інфармацыйна-прапагандысцкага рэсурсу, які на ўсіх папулярных замежных мовах будзе даносіць да сусветнай супольнасці пазіцыю Беларусі.
Апроч таго, арганізацыя прапануе зрабіць шэраг захадаў у эканоміцы і сацыяльнай сферы.