Лідары гурта Irdorath ажэняцца падчас уласнага канцэрта

Лідары фэнтэзі-фолк-гурта Irdorath Уладзімір і Надзея ажэняцца падчас уласнага канцэрта. Падзея адбудзецца 12 верасня ў клубе Re:Public. На думку музыкаў, класічнае вяселле ў рэстарацыі толькі выцягвае грошы і не пакідае ніякіх эмоцый. Таму яны прыдумалі зладзіць незвычайнае вяселле, дзе будуць выступаць не толькі ў ролі жаніха і нявесты, але і музыкаў.

Цырымонія рэгістрацыі шлюбу Уладзіміра і Надзеі пройдзе загадзя і без гледачоў. Бо, лічаць музыкі, гэта абсалютна не цікавы працэс. Асноўную стаўку пара робіць непасрэдна на клубную вечарынку.

“Гэта будзе нешта кшталту жывога спектаклю, які будзе называцца “Вяселле на востраве цмокаў”, — з захапленнем распавядае Надзея. — Людзі, якія прыйдуць на канцэрт, будуць гасцямі гэтага вострава і вяселля, яны не толькі будуць сачыць за падзеямі, але і ўдзельнічаць у іх. То бок мы ўсе будзем узаемадзейнічаць. Як фінал, адбудзецца вясельная цырымонія і мы адыграем невялічкі канцэрт, дзе выканаем зусім новыя кампазіцыі, якія яшчэ нідзе не гучалі”.

Вясельную цырымонію ў стылі фэнтэзі музыкі распрацоўвалі яе разам з вядучым, бардам ды шоўмэнам Крысам. Апроч непасрэдна Irdorath, на мерапрыемства будуць запрошаныя музыкі-сябры гурта, якія таксама возьмуць актыўны ўдзел у пастаноўцы. Іх імёны і магчымыя падрабязнасці вясельнага канцэрта будуць абвешчаныя пазней.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі