Лідары ўкраінскай апазіцыі распавялі пра перамовы з Януковічам
22 студзеня перамовы цягнуліся тры гадзіны. Заўтра яны будуць працягнутыя.
Лідар фракцыі "Бацькаўшчына" Арсень Яцанюк паведаміў, што падчас перамоваў апазіцыя прапанавала склікаць у бліжэйшы час пасяджэнне Вярхоўнай Рады, каб адмяніць законы, прынятыя 16 студзеня.
"Наша пазіцыя, каб Януковіч склікаў пазачарговае пасяджэнне Рады... Ён сказаў, што выкліча Азарава... І давайце заўтра працягнем перамовы наконт адмены законаў і адстаўкі Кабінета міністраў", — перадае zn.ua словы Яцанюка на паседжанні ўстаноўчага сходу Народнай Рады.
Пры гэтым, па словах лідара "Свабоды" Алега Цягнібока, адмененыя законы можна было б прагаласаваць ужо ў пленарным рэжыме.
На народным вечы на Майдане лідары апазіцыі заявілі, што далі Януковічу суткі для далейшага кроку.
Фота — @RT_com