Ад Пуціна да Уга Чавеса — згадваем пазашлюбных дзяцей аўтарытарных лідараў
Незаконнанароджаныя дзеці — распаўсюджаная з'ява сярод аўтарытарных палітыкаў
На мінулым тыдні журналісты-расследавальнікі выявілі, што ў Аляксандра Лукашэнкі ёсць не толькі пазашлюбны сын Мікалай, але і пазашлюбная дачка Крысціна. Маці дзяўчыны з’яўляецца Сняжана Моцная, экс-міс прыгажосць Шклоўскага раёна і цырульніца родам са Шклова.
Лукашэнка ў сваім жаданні “пладзіцца і размнажацца” не адзінокі. Агулам, дзеці, народжаныя па-за шлюбам — звыклы атрыбут для палітыкаў, якія злоўжываюць уладай.
Еўрарадыё згадвае, у якіх сучасных палітычных дзеячаў таксама ёсць “нагуляныя” нашчадкі.
Уладзімір Пуцін — чатыры пазашлюбных дзіцяці
Бяззменны амаль ужо чвэрць стагоддзя кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін выбудаваў сабе публічны вобраз абаронцы традыцыйных каштоўнасцяў і моцных сямейных сувязяў. Але яго прыватнае жыццё шэпча, што крамлёўскі старац той яшчэ хадок па незамужніх дзеўках.
Акрамя дзвюх старэйшых дачок Марыі і Кацярыны, народжаных у афіцыйным шлюбе з Людмілай Шкрабнёвай у сярэдзіне 1980-х, у Пуціна ёсць, як мінімум, яшчэ адна пазашлюбная дачка Лізавета Крываногіх (вядомая як Луіза Розава), народжаная ад прыбіральшчыцы Святланы.
І яшчэ трое дзяцей ад кулуарнай каханкі — экс-гімнасткі Аліны Кабаевай. Усе яны ўжо мільянеры, калі не мільярдэры, — сваіх нашчадкаў Пуцін грашыма не абдзяляе.
Кім Чэн Ын — адно (магчыма) пазашлюбнае дзіцяці
У дыктатара Паўночнай Карэі Кім Чэн Ына нібыта ўсё зразумела з сям’ёй.
Яго жонка, Лі Соль Чжу, выпускніца ўніверсітэта імені Кім Ір Сена, паходзіць з інтэлігентнай сям'і: яе бацька працуе выкладчыкам, а маці — лекарам. З Лі Кім з’явіўся на публіцы ў 2012 годзе, як паведамляе паўночнакарэйская прэса, а трое іх дзяцей нарадзіліся ўзімку 2010 ці 2011 года, зімой 2012 года, а таксама ў 2017 годзе.
Паколькі першае дзіцяці з’явілася да моманту афіцыйнага афармлення адносінаў Лі і Кіма, існуе тэорыя, што гэты малыш народжаны ад іншай жанчыны. Пра гэта пісала вясной 2013 года паўднёвакарэйская газета "Часон ільба".
Як там было на самой справе, невядома, паўночнакарэйскі рэжым раўніва бароніць таямніцы аб прыватным жыцці свайго кіраўніцтва.
Міхаіл Саакашвілі — адна пазашлюбная дачка
У былога прэзідэнта Грузіі і экс-кіраўніка Адэсы Міхаіла Саакашвілі да пасадкі ў турму было бурнае прыватнае жыццё.
Палітык афіцыйна жанаты на былой супрацоўніцы “Чырвонага крыжа” нідэрландцы Сандры Рулафс, ад яга яна нарадзіла двух сыноў — Эдуарда і Нікалаза. Пасля пераезду ва Украіну на дзяржаўную службу, у Саакашвілі пачаўся раман з нардэпкай Лізаветай Ясько, пра які Рулафс не ведала.
Але самае цікавае адбылося тры гады таму, калі Саакашвілі нелегальна вярнуўся ў Грузію, каб паспаборнічаць за ўладу з “Грузінскай марай”. Знаходзячыся ў Рустаўскай турме, палітык расказаў аб сваёй пазашлюбнай дачцэ Эліс Марыі Саакашвілі. Маці дзяўчынкі — вядомая грузінская спявачка Софо Ніжарадзэ.
"Сёлета з экрана тэлевізара нас разам з мамай павіншуе самая маладая ўдзельніца навагодняга канцэрта тэлеканала “Мтавары архі” — Эліс Марыя Саакашвілі. Яна мая самая любімая дзяўчынка і самае малодшае дзіця”, — заявіў палітык праз краты.
Уга Чавес — дзве пазашлюбныя дачкі
Нішто чалавечае не было чужым і венесуэльскаму рэвалюцыянеру Уга Чавесу. Афіцыйна лічылася, што ў яго пяцёра дзяцей ад двух афіцыйных шлюбаў: Роса Віргінія, Марыя Габрыэла, Расінес, Уга Рафаэль і Рауль Альфонса.
Але рэпутацыю добрапрыстойнага сем’яніна зруйнаваў яго палітычны нашчадак — аўтакрат Нікалас Мадура. Той пасля смерці Уга расказаў, што ў мужчыны былі яшчэ незаконанароджаныя дзеці: Сара Мануэла, якой на момант заявы было 5 гадоў, і Хенесіс Марыя, узростам 8 гадоў.
Сара Мануэла была афіцыйна прызнаная дачкой Чавеса ў снежні 2008 года, а Хенесіс Марыя — у сакавіку 2009 года. Іх маці з’яўляецца Нідыя Фахарда, якая працавала сцюардэсай на прэзідэнцкім лайнеры.
Віктар Януковіч — адзін пазашлюбны сын
Зрынуты пасля Еўрамайдана прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч, эвакуяваўшыся ў Расію, часу шмат не губляў.
Зімой 2017 года былы палітык пасля 45 гадоў сумеснага жыцця разышоўся са сваёй афіцыйнай жонкай Людмілай Насценка, ад якой у яго было два сыны: Аляксандр і Віктар (апошні загінуў у 2015 годзе).
Цяпер Януковіч жыве з грамадзянскай жонкай Любоўю Паляжай (у дзявоцтве Садыкавай), сястрой сваёй хатняй супрацоўніцы.
Паляжай пакінула Украіну пасля падзей на Майдане ўжо будучы цяжарнай. Роды адбыліся ў 2014 годзе.
Украінскія СМІ сцвярджаюць, што іх сумеснае дзіця нарадзілася ў Расіі і цяпер пражывае з маці ў Крыме. Віктар Януковіч асабіста ўдзельнічае ў выхаванні сына.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.