Лондан выступіў са спецыяльнай заявай па Беларусі
"Вялікая Брытанія ў наймацнейшай форме асуджае нядаўнія выракі спадарам Яўгену Парфянкову, Дзмітрыю Новіку, Аляксандру Малчанаву і Аляксандру Атрошчанкаву".
З такой заявай да афіцыйнага Мінска выступіў учора брытанскі міністар у пытаннях Еўропы Дэвід Лідынгтон у спецыяльнай заяве, прысвечанай Беларусі, абнародаванай на сайце брытанскага МЗС.
Беларускія ўлады павінны "неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і скасаваць абвінавачанні супраць іх. Гэта стала б крокам у накірунку да аднаўлення дыялёгу з міжнароднай супольнасцю", — падкрэсліваецца ў заяве.
Прысуды называюцца палітычна матываванымі і непрапарцыйнымі нават выстаўленым абвінавачанням.
Лондан таксама занепакоены ціскам на адвакатаў палітзняволеных і "шакаваны" заявай былога кандыдата на прэзідэнта Алеся Міхалевіча аб абыходжанні з ім у турме КДБ. Брытанскі міністар заклікае беларускія ўлады да "хуткага, глыбокага і незалежнага расследавання паведамленняў аб катаваннях, фізічным прымусе і запалохванні", паведамляе Радыё Свабода.