Лукашэнка: Даклады сілавікоў не адлюстроўваюць рэальнай сітуацыі

Даклады і справаздачы сілавікоў па аператыўнай сітуацыі не адлюстроўваюць рэальнай сітуацыі. Такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе ў справе ўмацавання абароназдольнасці, правапарадка і бяспекі дзяржавы. Ён заявіў, што галоўная задача - пераадоленне небяспечных тэндэнцый у развіцці крымінагеннай сітуацыі - не вырашаная. Праваахоўныя органы так і не дасягнулі істотных вынікаў.

Аляксандр Лукашэнка прыгадаў гучныя справы гомельскіх бандыцкіх фармаванняў "марозаўцаў" і "пажарнікаў", якія безпакарана дзейнічалі на працягу 10 гадоў. "Гэтыя факты гавораць пра сур'ёзныя праблемы, якія глыбока ўкараніліся ўнутры нашых ведамстваў", сказаў ён.

Лукашэнка прывёў статыстычныя звесткі, паводле якіх у краіне пачынаючы з 2001 года пагаршаецца крымінагенная сітуацыя. За апошнія шэсць гадоў узровень злачыннасці ў разліку на 100 тысяч насельніцтва ўзрос на 70%.

Колькасць афіцыйна зарэгістраваных наркаманаў штогод павялічваецца на 800 чалавек, а на ўліку іх цяпер налічваецца ўжо 10,5 тысячы чалавек. У той жа час колькасць раскрытых злачынстваў у сферы незаконнага абароту наркотыкаў пастаянна зніжаецца.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі