Лукашэнка даручыў у 2017 годзе вярнуць сярэдні заробак да 500 долараў
Падчас працоўнай паездкі ў Магілёўскую вобласць Аляксандр Лукашэнка даручыў, каб у 2017 годзе сярэдні заробак у краіне вярнуўся на ўровень 500 долараў.
Беларускі кіраўнік ахарактарызаваў цяперашні ўзровень заробкаў як недастатковы. "Рыхтуйцеся набраць сярэдні заробак у 500 долараў у наступным годзе", — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі.
Разам з тым ён падкрэсліў, што не варта павышаць заробкі без росту прадукцыйнасці працы: "Я не кажу, што павінны плаціць незаробленыя грошы. Ні ў якім разе. Інакш мы вернемся да таго, з чаго пачыналі два гады таму. Мы павінны стымуляваць, падштурхоўваць кіраўнікоў прыватных і дзяржаўных прадпрыемстваў да таго, каб мы да 500 долараў наблізіліся".
Апошні раз сярэдні заробак вышэй за 500 долараў беларусы атрымоўвалі ў 2014 годзе.