Лукашэнка загадаў "прыняць правілы перамяшчэння працоўнай сілы"
Аляксандр Лукашэнка / president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка ўстурбаваўся недахопам спецыялістаў і запатрабаваў увесці кантроль у гэтай сферы, перадае БЕЛТА.
"Ніякага, вядома, прыгоннага права. Але любых перасоўванняў кіраўнікоў, спецыялістаў без вашага ведама быць не павінна. Толькі з дазволу старшыні райвыканкама", — заявіў ён, прызначаючы старшыняў раённых і гарадскіх выканкамаў 3 кастрычніка.
Лукшэнка заявіў, што аблвыканкамы павінныя "прыняць правілы перамяшчэння працоўнай сілы".
Абурыла яго тое, што работнікаў бракуе ў сельскай гаспадарцы: "Што гэта за "парадак" такі: мы рыхтуем тут аграрыяў, выпускаем сотнямі, а ў нас кадраў не хапае ў сельскай гаспадарцы?! Паглядзіце, дзе яны працуюць: дзесьці тата, дзесьці мама кудысьці прыладзілі сваё дзіця, вышэйшую адукацыю атрымалі, яны ў горадзе сядзяць, у вус не дзьмуць, атрымліваюць заробак не меншы, чым спецыяліст у калгасе, і яшчэ пасмейваюцца. На цябе дзяржава выдаткавала велізарныя грошы, дало табе адукацыю — будзь ласкавы працаваць па спецыяльнасці. Гэта датычыць усіх — і настаўніка, і лекара, і культурнага работніка".
Дарэчы, усе выпускнікі-бюджэтнікі ВНУ ў Беларусі атрымліваюць абавязковае дзяржаўнае накіраванне на працу: яны павінныя адпрацаваць пэўны тэрмін. Калі выпускнік не з'яўляецца па накіраванні, з яго адсуджваюць кампенсацыю за ўвесь час навучання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.