Лукашэнку чакаюць з візітам у Ватыкане (фота)
Беларускі лідар павінен толькі ўзгадніць дату.
Ватыкан гатовы прыняць з візітам Аляксандра Лукашэнку. Пра гэта заявіў журналістам 14 сакавіка ў Мінску дзяржсакратар Папы Рымскага, кардынал П'етра Паралін. Ён цяпер знаходзіцца з афіцыйным візітам ў Беларусі.
13 сакавіка П'етра Паралін ўжо сустрэўся з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Ці чакаюць у Ватыкане беларускага лідара, пацікавіліся журналісты пад час сустрэчы з кардыналам.
Паралін: "З боку Святога пасаду ёсць гатоўнасць для візіту. Чакаецца рашэнне толькі ад кіраўніцтва Беларусі аб такім візіце і ўдакладнення даты сустрэчы".
Пры гэтым кардынал патлумачыў, што паводле пратакола Святога пасаду "палітычным лідарам не накіроўваюцца запрашэнні для правядзення сустрэч з папам", бо такія сустрэчы запытваюцца закікаўленымі бакамі.
Кардынал Паралін высока ацаніў удзел Беларусі ва ўрэгуляванні канфлікта на ўсходзе Украіны, а таксама адзначыў, што ў Беларусі суіснаванне праваслаўных і каталіцкіх вернікаў знаходзіцца на такім узроўні, які можа быць прыкладам іншым краінам.