Перарэгістрацыю не прайшла грэка-каталіцкая парафія ў Оршы
Аршанскі касцёл святога Язэпа / probelarus.by
Дзяржаўную перарэгістрацыю не прайшла аршанская грэка-каталіцкая (уніяцкая) парафія — супольнасць Пакрову Найсвяцейшай Багародзіцы, паведамляе Радыё Свабода. Парафіяне збіраліся на набажэнствы ў касцёле святога Язэпа на вуліцы Савецкай.
Аршанская парафія стала чацвёртай грэка-каталіцкай супольнасцю, якая страціла рэгістрацыю падчас цяперашняй перарэгістрацыі. Да яе пачатку ў Беларусі дзейнічалі 16 грэка-каталіцкіх парафій. Такім чынам, перарэгістрацыю не прайшла чвэрць з іх. Акрамя Оршы не змаглі прайсці праз дзяржаўнае сіта парафіі ў Брэсце, Баранавічах ды Івацэвічах.
Маштабную перарэгістрацыю рэлігійных суполак у Беларусі абвясцілі пры канцы 2023 года, калі падпісалі закон "Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацый". Дакументы на перарэгістрацыю ўсе рэлігійныя суполкі Беларусі мусілі падаць да 1 ліпеня 2025 года. Сярод новых патрабаванняў да вернікаў — поўная забарона любой палітычнай дзейнасці (што не перашкаджае праваслаўным святарам удзельнічаць у акцыях праўладных арганізацый і партый), абавязковае беларускае грамадзянства кіраўніка аб’яднання. Акрамя таго суполкі мусілі падаць абноўленыя звесткі пра вернікаў, якіх мусіла быць не менш за 20 чалавек для парафіі ці іншага аб’яднання. Зрабіць гэта з розных прычынаў змаглі не ўсе.