"Ляпіс Трубяцкой" тайна займаўся "Культпросветом"

Новы альбом гурта "Ляпіс Трубяцкой" пад назвай "Культпросвет" з'явіцца ўжо 1 верасня гэтага года.
Цікава, што праца над новым альбомам наўмысна трымалася у глыбокай таямніцы.

Лідэр калектыву Сяргей Міхалок растлумачыў гэта тым, што "ў сучаснай медыйнай прасторы вельмі шмат непатрэбнай інфармацыі. Пра перасоўванні артыстаў, пра іх пакупкі, пра тое, што яны збіраюцца рабіць і чаго не збіраюцца... У выніку знікае вельмі важны для актуальнага мастацтва момант нечаканасці, раптоўнасці, здзіўлення. Таму і было вырашана паспрабаваць раней за час нікому нічога не распавядаць. Замест гэтага, без адпачынку і не дасыпаючы, як стаханаўцы каля мартэнаўскіх печаў, рэпетавалі, вядзьмарылі, шукалі штосьці новае, патрошку запісваліся. І толькі калі зразумелі, што не сорамна за гэтыя 12 сталеліцейных трэкаў, вырашылі падзяліцца сваёй радасцю са светам".

Што датычыцца музычнага складу альбома "Культпросвет", то, паводле слоў Сяргея Міхалка, гэта будзе "сумесь традыцыйнага панк-рока, пратапанка, рэвалюцыйных маршаў і песень часоў Савецкай эпохі".

"Уявіце сабе маленькага Ігі Попа ў піянерскім гальштуку, які збірае металалом, – смяецца лідэр "Ляпісаў". – Мы ўявілі – і атрымалася гэтая кружэлка".

Нагадаем, што найбліжэйшы выступ "Ляпісаў" у Беларусі адбудзецца 30 жніўня ў межах міжнароднага фэсту феерверкаў "Навальніца", які адбудзецца пад Мінскам у САК "Лагойск".

Таксама "Ляпіс Трубяцкой" разам з украінскім гуртом "Воплі Відоплясова" заяўленыя як хэдлайнеры фестывалю BeFree, які адбудзецца 22-23 жніўня ў Чарнігаве.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі