“Ляпіс” зноў выдасць альбом, а “Нейра Дзюбель” – нават два?

У 2009 годзе Вольскі "выбухне" праектам з песнямі ў стылі 60-х, "Ляпісы" падумваюць над новай плыткай, а Ірына Дарафеева стане Барбарай Радзівіл. Еўрарадыё разведала творчыя планы беларускіх зорак. Адразу двума альбомамі – новым рэлізам і выданнем трыб’юту – адзначыць свой 20-ы Дзень нараджэння гурт “Нейра Дзюбель”.

Аляксандр Кулінковіч: “У наступным годзе “Нейра Дзюбелю” споўніцца 20 год. Мы б хацелі адзначыць гэтую дату вялікім канцэртам і выхадам трыб’юту, дзе беларускія музыканты спяваюць песні “Нейра Дзюбеля”. Матэрыялу ў нас ужо дастаткова і мы бы хацелі, каб усё атрымалася менавіта да гэтай даты”.

Эксклюзіўна для Еўрарадыё Аляксандр пагадзіўся напець песню, над якой “дзюбеля” толькі пачалі  працаваць.

Аляксандр Кулінковіч:

“А я не хочу тебя нигде
Я все уровни прошёл и не склонен к полноте
А я не хочу тебя нигде
Я все уровни прошёл и не склонен к полноте”.

“Ляпис Трубецкой” збіраецца ў Беларусь з вялікім “Турам па Радзіме”, здымае кліпы ды і не адмаўляе, што і ў 2009 годзе выдасць новы альбом! Во даюць! Прадзюсер гурта Яўген Калмыкоў на ўсялякі выпадак таямніц не выдае, каб не сурочыць:

Яўген Калмыкоў: “Наконт новага альбому пакуль не ведаю, у нас вельмі пладавітыя музыканты і музычны кіраўнік. Таму што там будзе!?... Мы і ў гэтым годзе не планавалі выпускаць альбом, але ж выпусцілі, таму лепш я буду маўчаць! (смяецца)".

Любіміца Арцемія Троіцкага, беларуская спявачка Naka толькі скончыла запіс свайго другога альбому ў Маскве, але выпускаць яго не спяшаецца:

Naka:
“Адразу варта падагрэць слухача і зацікавіць яго песнямі з будучага альбому, а пасля выпускаць яго. І хоць фармальна мы маглі б выдаць плыту ў лютым, пакуль зробім акцэнт на канцэрты”.

Заінтрыгаваў і Лявон Вольскі: напрыканцы зімы ці ў сакавіку музыкант плануе рэліз праекту з песнямі ў стылі 60-х гадоў. Але не блытаць, папярэджвае Лявон: гэта не “Крамбамбуля” і не “N.R.M.”!!

Лявон Вольскі: “Гэта самастойны праект, у якім паўдзельнічалі розныя культавыя беларускія людзі”.

Да таго ж Вольскі плануе прэзентаваць DVD “Крамбамбулі” з канцэрту ў Дзень св.Валянціна.

А вось “N.R.M.”, са словаў Лявона, хутчэй за ўсё падасца ў тур па Беларусі. Не выключана, што ў 2009-ым музыканты выпусцяць і новы альбом, але пра гэта Лявон пакуль кажа не вельмі ўпэўнена – таксама каб не сурочыць.

Лявон Вольскі:
“Для новага альбому “N.R.M.” пішуцца песні і работа вядзецца, але ж ці будзе альбом – невядома, я пакуль баюся пра гэта казаць".

Ірына Дарафеева б'е рэкорды па рэлізах і ў 2009 годзе збіраецца выдаць адразу 2 плыткі і DVD-версію канцэрта ў Мірскім замку. Пра гэта Еўрарадыё распавёў прадзюсер тэатра Ірыны Дарафеевай Юрый Саваш:

Юрый Саваш: "У запісе відэа для канцэрта прымалі ўдзел больш за 400 артыстаў розных жанраў. У ноч з 13 на 14 студзеня ў "Crowne Plaza" мы прэзентуем гэты DVD, а таксама незвычайны дыск-двайнік: на адным будзе 21 кампазіцыя рэтра-шлягераў, а на другім – прафесійныя мінусоўкі з тэкстамі для тых, хто хоча паспяваць. Пасля выдамо новы дыск з песнямі беларускіх кампазітараў".

Да таго ж у 2009 Дарафеева сыграе шляхецкую князёўну Барбару Радзівіл у аднайменнай рок-оперы! Такую прапанову спявачка атрымала ад польскага рэжысёра Януша Юзэфовіча, аўтара мюзіклаў "Метро" і "Прарок", і расійскага кампазітара Аляксандра Журбіна.

Юрый Саваш:
"Хутчэй за ўсё. гэта будзе рок-опера, напэўна, а не мюзікл, якая будзе называцца "Барбара Радзівіл", пра беларускую шляхецкую князёўну. Ў гэтай гісторыі мы глядзім далей – мюзікл можна і экранізаваць! У нас жа ж ёсць рэальныя замкі, у якіх і разгортваліся падзеі".

У фронтмэна “Крамы” Ігара Варашкевіча гатовы матэрыял адразу для 3-х праектаў, але пакуль легендарны музыкант шукае грошы хаця б на запіс свайго сольнага альбому.

Ігар Варашкевіч: “Якія песні ўвойдуць у гэты альбом, я не ведаю, таму што і “Крамаўскі” матэрыял, і мой сольны ляжыць нікому не патрэбны. Браць адтуль песні ці пісаць новыя – я яшчэ не вырашыў”.

Джазавы “Apple tea”  на пачатку 2009 года выпускае плыту, а таксама DVD-дыск з свайго юбілейнага канцэрту ў к/з “Мінск”.

“Для новых канцэртаў зараз не сезон,- кажа Ігар Сацэвіч, - таму толькі ў пачатку сакавіка, мабыць, зробім прэзентацыю новага альбому, а DVD з'явіцца на паліцах крамаў з дня на дзень”.

У гурта “Палац” так шмат канцэртаў, што на запіс альбому проста няма часу. Але, як даведалася Еўрарадыё, Алег Хаменка збіраецца "сабраць" новы альбом з песень, якія ўжо выходзілі на 7 міксавых складанках:

“А які сэнс у выданні новага альбому? - дадае Алег. - У нас і так 6 ці 7 альбомаў, хто іх цалкам слухаў акрамя 5-7 чалавек, якія сапраўды з’яўляюцца прыхільнікамі нашай творчасці?”

У наступным годзе чакаем альбомы ад гуртоў "Atlantica", "Тяни-Толкай", "Da Vinci" і "J:морс". Але інфармацыя пра гэтыя рэлізы пакуль закрытая.


Фота - westrecords.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі