Лявон Баршчэўскі: Да класікаў могуць залічыць тых, хто не "цягне"

Ягоныя словы каментуе Еўрарадыё настаўнік літаратуры, укладальнік літаратурных зборнікаў Лявон Баршчэўскі. 

111025 BAr64euskiS.mp3

Баршчэўскі: Хачу адзначыць, што нягледзячы на сваю педагагічную адукацыю, Аляксандр Лукашэнка ні дня не прапрацаваў у школе, калі не лічыць практыкі, якую мусіў праходзіць студэнтам. А таму кампетэнтным экспертам ён у гэтым пытанні ніяк быць не можа. А самае галоўнае — яго разуменне, што ёсць класікай, карэнным чынам адрозніваецца ад агульна прынятага сярод сапраўдных спецыялістаў. Баюся, што да класікаў могуць залічыць тых, хто ўвогуле не "цягне" на класікаў, і гэта будзе чарговая “рэвалюцыя”, якая толькі пагоршыць вельмі цяжкую сітуацыю з выкладаннем мовы і літаратуры ў школе.

Еўрарадыё: Ну вось вы як філолаг можаце назваць непатрэбных аўтараў у сённяшняй праграме, калі, вядома, не браць пад увагу апальных аўтараў, якіх выключаюць з праграмы па літаратуры?

Баршчэўскі: Я думаю, што такія шэдэўры, як "Давыд-гарадоцкія каноны" Георгія Марчука без усякай страты можна было б выключыць з праграмы. Таксама можна было б перагледзець творы Івана Шамякіна, якія вывучаюцца. У яго ёсць выдатны твор "Гандлярка і паэт", які значна больш варты, чым эпапея "Трывожнае шчасце", якую сённяшнія дзеці не ўспрымаюць, ды і дарослыя не вельмі яе чытаюць. З выключэннем такіх твораў я магу пагадзіцца, але баюся, што могуць выключыць іншых аўтараў.

Еўрарадыё: Атрымліваецца, пад шумок могуць выкінуць з праграмы нешта вартае?

Баршчэўскі: Калі аб гэтым загаварылі, то я падазраю, што менавіта такая мэта ёсць. Выключаць Гілевіча, Барадуліна, Быкава. Тых, каго скарачаць ніяк нельга, а наадварот, трэба пашыраць вывучэнне іх твораў. Але пры сённяшнім школьным раскладзе гэта выглядае, як здзек, калі паўтары гадзіны ўдзяляецца ў старэйшых класах на вывучэнне беларускай літаратуры на тыдзень! І таго, што дагэтуль засталося, недастаткова для вывучэння. А тут яшчэ хочуць нешта ўрэзаць. Таму я нічога добрага ад гэтых рэформаў не чакаю. Але не губляю надзеі, што вернуцца некалі лепшыя часы і будзе гэта дастаткова хутка. А сёння ідзе знішчэнне школы, знішчэнне гуманітарнай адукацыі ўвогуле.

Еўрарадыё: А хто, на вашую думку, займаецца складаннем гэтай праграмы сёння, і хто павінен гэтым займацца? 

Баршчэўскі:Я ведаю, што гэтыя людзі існуюць як нейкія важныя персоны, толькі з прычын сваёй лаяльнасці да ўлады. Іхнія прозвішчы нічога слухачам не скажуць. 

Еўрарадыё: Гэта значыць, што на вашу думку, яны не кампетэнтныя людзі? 

Баршчэўскі: Не, проста яны вельмі залежныя людзі. Нават калі яны ў чымсьці не згодныя, яны ніколі не адкрыюць рот... 

Еўрарадыё: Спадар Лявон, каго, на вашую думку, трэба было б дадаць да школьнай праграмы?  

Баршчэўскі: Анатоля Сыса, Уладзіміра Арлова трэба было б вярнуць у праграму, Андрэя Хадановіча дадаць. Ну, ёсць у нашай спадчыны тыя, якія павінныя быць у школьнай праграме — дзесяткі аўтараў, якія вядомыя далёка па-за межамі Беларусі. Не ўяўляю сабе, як літаратурная праграма можа без іх існаваць.

Еўрарадыё: А ў Беларускім ліцэі імя Якуба Коласа як выкладаецца літаратура?

Баршчэўскі: У нас няма вялікай розніцы ад таго, што патрабуе афіцыйная праграма. Але мы стараемся ўсё ж такі неяк дапаўняць тое, што ёсць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі