Макея “замацавалі” за “Амкадорам”
Міністр замежных спраў цяпер адказны за разгрузку складоў гэтага прадпрыемства.
Пра гэта Уладзімір Макей паведаміў у эфіры тэлеканала СТВ:
“За прадпрыемствамі, дзе прысутнічае вялікая затаваранасць складоў, замацаваны адказныя службовыя асобы. МЗС, у прыватнасці міністр замежных спраў, замацаваны за прадпрыемствам “Амкадор”.
Мы ўжо сустракаліся з кіраўніцтвам гэтага прадпрыемства. Выпрацавалі пэўны план нашага ўзаемадзеяння, які, я думаю, дазволіць нам да канца года справіцца з праблемамі. Аналагічна мы плануем дзейнічаць і па іншых прадпрыемствах”.
Нагадаем, 8 ліпеня Уладзімір Макей раскрытыкаваў беларускіх дыпламатаў за тое, што яны прыцягваюць у краіну замала інвестыцый і дрэнна нарошчваюць экспарт.