МАРГ забараніла продаж прадукцыі амаль на 40 тысяч рублёў
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) праверыла крамы з таннымі таварамі лёгкай прамысловасці. У выніку ведамства забараніла продаж прадукцыі на 38,8 тысяч рублёў, паведамляецца на яго сайце.
МАРГ праверыла 27 крамаў у Кобрыне, Жодзіне, Рэчыцы, Полацку, Наваполацку, Гродна, Бабруйску і Мінску. У маніторынгу таксама прымалі ўдзел прадстаўнікі абл- і райвыканкамаў, Мінздароўя, Дзяржкамітэта па стандартызацыі і Міністэрства ўнутраных спраў.
Ва ўсіх крамах былі выяўленыя парушэнні заканадаўства аб гандлі. Напрыклад, не было поўнай і дакладнай інфармацыі пра прадаўца, што рэалізуе тавары, звестак пра вытворцу тавараў і г. д. Адсутнічалі дакументы пра ацэнку адпаведнасці, не выконваліся патрабаванні тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза.
На думку чыноўнікаў, усё гэта сведчыць пра тое, што ў продаж дапускаецца няякасная прадукцыя, якая нясе патэнцыйную пагрозу жыццю і здароўю грамадзян.
Па выніках маніторынгу быў забаронены продаж прадукцыі на суму больш за 38,8 тысяч рублёў. Суб'ектам гаспадарання было выдадзена 53 рэкамендацыі па ліквідацыі выяўленых парушэнняў.
Дарэчы, у некаторых крамах парушэнні былі выяўленыя паўторна. Таму супраць 13 вінаватых суб'ектаў гаспадарання могуць пачаць адміністрацыйны працэс.