Медагляд, прысвечаны Году здароўя, прайшла палова беларусаў

Медработнікі нават па дамам ходзяць, каб запрасіць людзей на дыспансерызацыю, расказаў Еўрарадыё галоўны лекар 4 гарадской паліклінікі Мінску. Каля паловы беларусаў прайшлі сёлетні абавязковы медагляд, запэўнілі нас у паліклініках сталіцы. Нагадаем, што дыспансернае абследаванне – новаўвядзенне 2008 года, які быў аб’яўлены Годам здароўя ў Беларусі.
Як кажа галоўны лекар 4 гарадской паліклінікі Мінска, медработнікі асабіста запрашаюць людзей на дыспансерызацыю:

“У нас дзесьці 28 тысяч насельніцтва і каля 15 тысяч чалавек медагляд прайшлі. Мы па кватэрах раздалі памяткі, выдаём іх у рэгістратурах, на прыёмах... Медыцынскія работнікі наведваюць пацыентаў па дамах і запрашаюць на дыспансерызацыю, для таго каб выявіць захворванні на ранняй стадыі”.

Па словах лекара адмаўляецца ад агляду ў асноўным моладзь. Астатнія ж у паліклініку ідуць з ахвотай:

“Каб рана дыягназаваць захворванне людзі ідуць на дыспансерызацыю ахвотна. Адмаўляецца не шмат, і у асноўным – моладзь, бо лічаць сябе здаровымі. А людзі больш адказныя, якім за 30, напрыклад, ідуць ахвотна”.

Абавязковы = прымусовы?

Калі вы ўсё ж такі не захочаце прайсці дыспансерызацыю, прымусіць гэта зрабіць ніхто вас не зможа. Рэальна абавязковым ён з’яўляецца хіба што для студэнтаў і абітурыентаў, а таксама для тых, хто хоча ўладкавацца на працу.

І калі на працу сапраўды могуць не ўзяць па стане здароўя, то вышэйшую адукацыю мае права атрымаць кожны — і здаровы, і хворы, расказала Еўрарадыё Ларыса Кусава, намеснік галоўнага лекара па медыцынскай частцы студэнцкай паліклінікі №33:

“Па законе аб вышэйшай адукацыі у нас усе маюць права атрымаць вышэйшую адукацыю. Там няма такога радка, дзе было б напісана, што маюцца нейкія абмежаванні на паступленне ў ВНУ...”

Па словах Кусавай, сапраўды існуе пералік хваробаў, з якімі не рэкамендуецца паступаць на пэўныя спецыяльнасці:

“Ёсць такія пералікі, але яны маюць рэкамендацыйны характар. Лекары павінны рэкамендаваць тую прафесію, якая не перашкодзіць яго здароўю”.

Але адна справа – вучыцца, і зусім іншая – працаваць. Вучыцца ў ВНУ вам не можа забараніць ніхто, нават калі прафесія не зусім адпавядае здароўю. А вось пасля атрымання дыплома на працу могуць і не ўзяць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі