Мэр Мінска: Сумесныя з “Газпрамам” хмарачос і развязка будуць збудаваныя

Сумесныя праекты з “Газпрамам” у Мінску, а гэта шматпавярховы офіс кампаніі на месцы Маскоўскага аўтавакзала і развязка на праспекце Незалежнасці будуць збудаваныя. Пра гэта ў эфіры тэлеканала АНТ заявіў старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац.

Нагадаем, “Газпрам” меўся збудаваць на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Філімонава хмарачос і развязку. Кошт праекту ацэньваўся у суму, большую за 120 мільёнаў долараў. Для гэтага нават знеслі Маскоўскі аўтавакзал, які раней лічыўся ледзьве не гістарычным помнікам. Але калі пачаліся будаўнічыя працы, стала вядома пра непаразуменні паміж “Газпрамам” і “Мінгарвыканкамам”.

А ў пачатку 2015-га года з’явіліся чуткі пра сыход прадстаўніцтва “Газпрама” з Беларусі. Выходзіць, і развязкі з офісам кампаніі не будзе? На пытанне у эфіры АНТ адказаў мэр Мінска Андрэй Шорац:

“Высотка і развязка будуць. Я не праводжу паралелі паміж ліквідацыяй прадстаўніцтва і нашай сумеснай работай”.

Прэс-сакратар “Газпрама” Андрэй Купрыянаў пацвердзіў чуткі пра ліквідацыю прадстаўніцтва яго кампаніі ў Беларусі. Але патлумачыў, што ўсе ранейшыя функцыі будзе выконваць “Газпрамтрансгаз Беларусь” — на 100% дачынная кампанія “Газпрама”.

“Усе бізнэс-функцыі — яны там. Неабходнасці ўтрымліваць яшчэ і прадстаўніцтва проста няма”, — рэзюмаваў Купрыянаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі