"Мгзаврэбі" прывезлі ў Мінск кавалак Грузіі і новы альбом "In Vino Veritas"

Цяпер клуб Re:Public можа смела ўручаць узнагароду за "Самы душэўны канцэрт". Гэта канцэрт "Мгзаврэбі", самага папулярнага грузінскага гурта, у якім граюць 7 абаяльных музыкаў-волатаў. "Мгзаврэбі" (у перакладзе "Вандроўнікі") існуюць амаль 10 гадоў. За гэты час яны выпусцілі 5 альбомаў, апошні з якіх выйшаў 3 лістапада, і з якім, уласна, музыкі прыехалі ў Мінск.

"Хто нас ведае, той пазнаёміцца з нашымі новымі песнямі, а хто не ведае пазнаёміцца з нашымі рознымі песнямі, новымі і старымі",  — пачынае мінскі выступ фронтмэн гурта Гігі Дэдаламазішвілі. "Мгзаврэбі" у Мінску ўпершыню. І пакуль мясцовая публіка толькі прыглядаецца да грузінскіх музыкаў, у суседнім Кіеве яны збіраюць 2-тысячныя залы, а на Радзіме ўвогуле стадыёны!

Канцэрт "Мгзаврэбі" — гэта калі ўсмешка не сыходзіць з вуснаў цягам дзвюх гадзін. Гэта калі ногі не стамляюцца танчыць, а галава не перастае пры гэтым думаць. Гэта калі ты ніколі не быў у Грузіі, але адчуваеш амаль сваяцкую сувязь з гэтай краінай і яе жыхарамі. Ці, калі ты быў у Грузіі, то нібыта вяртаешся на шпацыр па вулачках старога Тбілісі.

"Я пазнаёмілася з музыкай гэтага гурта ў Грузіі. І сёння прыйшла сюды, каб зноў адчуць гэты грузінскі настрой, якога так не хапае ў Беларусі. Звычайна Грузію асацыююць з віном і шашлыком. Гэта ўсё лухта. Грузія — гэта песні, горы і мора. Мне падаецца, што Грузія вось такая", —  смяецца прыхільніца гурта Аляксандра.

"Мгзаврэбі" у асноўным спяваюць на роднай мове. Гігі тлумачыць сэнс песень і распавядае, чаму спатрэбілася напісаць тую ці іншую кампазіцыю. Адным з ключавых трэкаў на новым альбоме становіцца рускамоўны "Прорвёмся". Гігі кажа, што пад яго ў некаторым сэнсе выбудоўвалася канцэпцыя кружэлкі. У сваёй музыцы "Мгзаврэбі" спалучаюць традыцыйнае грузінскае шматгалоссе і сучасныя рымты. Іх песні неверагодна прыгожыя і шчырыя. Ім хочацца дарыць кветкі, што і робяць мінскія дзяўчаты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі